Trubetskoy і Лігалайз прадстаўляюць кліп на песню "Гагарин" (глядзець)

Гурт Trubetskoy і расійскі рэпер Лігалайз запісалі сумесны трэк "Гагарин" і прымеркавалі яго да Дня касманаўтыкі. 12 красавіка адбылася прэм'ера відэа на песню. А нажыва яна прагучыць упершыню 25 красавіка на вялікім сольніку гурта ў Мінску.


"Гагарин" стаў эксперыментам для ўсіх бакоў дуэта: Trubetskoy дагэтуль не быў заўважаны ў тандэмах з іншымі артыстамі, а Лігалайз у сваю чаргу зрабіў пэўны крок у бок рок-музыкі.


Па словах Паўла Булатнікава, Trubetskoy даўно хацеў зрабіць нешта ў духу The Roots. Асабліва музыкам падабалася песня "Seed", запісаная з Кодзі Чэснатам. І вось каманда згадала рэпера Лігалайз, які не прапусціў ніводнага канцэрта "Ляпісаў" у Маскве. Высветлілася, што ён таксама фанат The Roots і таксама не супраць зрабіць сумесны трэк на мяжы року і хіп-хопу.


"У выніку атрымаўся не кавер на "Seed", а хутчэй песня па яе матывах, я б назваў гэта так. Тэкст у нас зусім пра іншае, прыпеў мы наогул свой напісалі, хіба што атмасферу ўлюбёнага трэка пастараліся захаваць", — тлумачыць Павел.


Лігалайз кажа, што песня атрымалася арганічнай і шчырай. Кліп на яе здымаў добра вядомы кіеўскі кліпмейкер Аляксандр Сцекаленка.


Канцэртная прем’ера песні адбудзецца 25 красавіка ў Мінску, у клубе Prime Hall падчас вялікага сольнага канцэрта гурта Trubetskoy, спецыяльным госцем якога стане Лігалайз.

Паводле прэс-рэлізу

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі