Яўген Калмыкоў сышоў з гурта Trubetskoy на Еўрарадыё

Яўген Калмыкоў сышоў з гурта Trubetskoy на Еўрарадыё

Яўген Калмыкоў пакінуў гурт Trubetskoy. Знакаміты прадзюсар, які 25 гадоў працаваў з гуртом "Ляпіс Трубяцкі", вырашыў завязаць і з камандай Паўла Булатнікава. Пра свой намер ён заявіў праз Фэйсбук. Маўляў, калі б давялося гэта казаць у вочы музыкам, яны б пачалі яго "лячыць". А так, атрымалася "спаліць масты" адразу.


"Быў у Рызе, паглядзеў на ўсё з боку. Потым рашэнне саспела, яно было спантанным... Усе ўдзельнікі гурта Trubetskoy — гэта мае сябры. У нас шмат што атрымалася, шмат чаго не атрымалася. Але гэта такое капанне ў пясочніцы... Я вярнуўся з Рыгі, паехаў да Пашы Булатнікава. Мы з ім выпілі, і ў вока ён мне не ўдарыў. З'ехаў ад яго ў прыпаднятым настроі пад шафэ. Усё добра", — жартуе прадзюсар у жывым эфіры Еўрарадыё, куды, дарэчы, Яўгена запрасілі працаваць на пасаду дырэктара па развіцці. 

А пакуль мы размаўлялі, лідар Drum Ecstasy Філіп Чмыр прапанаваў Калмыкову стаць прадзюсарам ягонага гурта.

"Не такія праекты мы завальвалі", — папярэдзіў Філіпа Яўген і запэўніў, што ў гурце Brutto ён таксама не з'явіцца. Маўляў, у адрозненне ад Еўрарадыё вольных вакансій у камандзе Міхалка няма.

Праўда, ад музыкі Калмыкоў таксама не адмаўляецца. "Ляпісаўская" карма яго не адпускае: цяпер Яўген прадзюсуе колішняга саксафаніста "Ляпіса Трубяцкога" рэпера Сіропа.  Яўген Калмыкоў запэўнівае, што слухач не расчаруецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі