Турма за ўлёткі супраць выбараў і дапамога беларусам. Лёс чэшскай праваабаронцы

Чэшская праваабаронца і падпісантка “Хартыі-77” Анна Шабатава 

Чэшская праваабаронца і падпісантка “Хартыі-77” Анна Шабатава  / Еўрарадыё

— Сітуацыя ў Беларусі вельмі няпростая. І ўсё ж я веру ў перамогу свабоды на гэтай зямлі, — так казаў экс-прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, які больш за 20 гадоў таму разам з іншымі палітыкамі ды актывістамі стварыў у сваёй краіне аб’яднанне “Грамадзянская Беларусь”.

Адной з сузаснавальніц гэтай ініцыятывы стала вядомая праваабаронца і падпісантка “Хартыі-77” Анна Шабатава.

На пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя актывістка трапіла за краты, бо агітавала грамадзянаў ігнараваць “выбары без выбару” ў Чэхаславакіі. Пасля вызвалення шмат гадоў займалася праваабарончай дзейнасцю.

У інтэрв’ю Еўрарадыё дысідэнтка дзеліцца сваімі ўспамінамі, а таксама думкамі пра сённяшнюю сітуацыю ў нашай краіне.

Ад распаўсюду ўлётак да кратаў і праваабарончай дзейнасці

Мая асабістая гісторыя пачынаецца каля 1968 года, калі мы жылі з вялікай надзеяй і верылі, што будзем будаваць дэмакратычны сацыялізм. На жаль, гэта не спраўдзілася, бо ў жніўні 1968-га ў Чэхаславакію ўвайшлі войскі пяці краінаў на чале з Савецкім Саюзам і, можна сказаць, здушылі Пражскую вясну. 

Гэта адбылося не імгненна, а цягнулася нейкі час, але з таго моманту зноў пачалі закручваць гайкі, свабода паступова знікала, і сітуацыя ўрэшце стабілізавалася ў выглядзе вельмі непрыемнага рэпрэсіўнага рэжыму. 

Магчыма, у чымсьці ён меў не такую жорсткую форму, як сённяшні рэжым у Беларусі, але ў той жа час ён ахопліваў усе сферы жыцця. І я вырашыла, што не буду з гэтым мірыцца. Я расла ў актыўнай сям’і, мой бацька таксама не мірыўся з гэтым, таму мне было прасцей. Я вырашыла, што мушу неяк змагацца, і ўжо ў 1971 годзе гэта прывяло мяне за краты за распаўсюд улётак. 

У 1971-м меліся быць выбары ў прадстаўнічыя органы, і тагачасная дзяржаўная ўлада падавала іх як доказ адзінства – маўляў, галасуючы за кандыдатаў Нацыянальнага фронту, мы ўсе выкажам сваю згоду з рэжымам, які ўсталяваўся пасля акупацыі 1968 года. Ува мне гэта выклікала супраціў, бо я вельмі добра памятала, што людзі з гэтым нязгодныя. Хоць яны і маўчалі, мы ведалі, што многія прыстасаваліся адно ад страху. І мы распаўсюдзілі ўлётку, асноўным зместам якой было: “Выбары — гэта не абавязак, а права. Калі вы хочаце выказаць нязгоду з палітыкай, якая пануе пасля акупацыі, не хадзіце на выбары”. Вось так прыблізна гучаў заклік, які мы распаўсюджвалі. Гэта была вялікая акцыя. І пасля яе прыйшлі вялікія рэпрэсіі, якія сталі першым буйным дзяржаўным звядзеннем рахункаў з новаўзніклай пасляжнівеньскай апазіцыяй. 

Мяне адправілі за краты на тры гады, мой тата атрымаў шэсць з паловай гадоў, брат — два гады. Шмат хто з нашых сяброў трапіў у турмы. На шчасце, я вярнулася раней, мяне вызвалілі праз 25 месяцаў. Так усё пачыналася. 

Праз паўгода пасля вяртання з турмы я пазнаёмілася са сваім мужам, з якім мы пражылі сорак сем гадоў, у нас трое дзяцей і сямёра ўнукаў. У яго ўжо таксама быў турэмны досвед. Яго асудзілі па іншай справе, яшчэ да нас, гэта быў працэс супраць студэнцтва, якое пратэставала супраць акупацыі 1968 года і супраць рэжыму, які запанаваў пасля яе. Мы ведалі адно пра аднаго, а пазнаёміўшыся, высветлілі, што ў нас шмат агульнага, і даволі хутка пабраліся шлюбам. 

З таго моманту маё жыццё звязанае з жыццём майго мужа, якога звалі Пэтр Ул. Я пакінула сваё дзявочае прозвішча. Прозвішчы ў нас былі розныя, але мэта агульная.

Турма за ўлёткі супраць выбараў і дапамога беларусам. Лёс чэшскай праваабаронцы
Анна Шабатава і Пэтр Ул / Сямейны архіў
Турма за ўлёткі супраць выбараў і дапамога беларусам. Лёс чэшскай праваабаронцы
Беларуская зіма

Пасля 2020 года сітуацыя ў Беларусі стала катастрафічнай

Я вельмі добра ўсведамляю, што ў параўнанні з ранейшымі часамі ў 2020 годзе сітуацыя ў Беларусі моцна пагоршылася, хоць і да таго не была добрай. Пасля 2020 года можна казаць, што яна катастрафічная, бо шмат людзей сядзіць у турмах, шмат хто з’ехаў.

Рэжым цісне з такой сілай, што людзі значна больш баяцца. Інфармацыя, асабліва ў такой сітуацыі, вельмі важная, і мне не падабаецца, што ўвага да Беларусі з боку замежных СМІ, уключна з чэшскімі, значна знізілася. Яна пераключылася на вайну ва Украіне, і шмат якія факты засталіся невядомымі. У самым агульным бачанні Беларусь успрымаецца як саюзнік Расіі, у звычайных людзей няма інфармацыі, і таму яны не разумеюць, што там застаюцца рэшткі грамадзянскай супольнасці, што там ёсць людзі, якія пакутуюць ад дыктатуры Лукашэнкі. Гэта, вядома, інфармацыйны прагал і вынік усіх гэтых падзеяў.

Паколькі я доўгі час займаюся пытаннямі правоў чалавека і грамадзянскіх правоў, то намагаюся аналізаваць і не абагульняць. Я ведаю, што рэпрэсіўныя захады супраць беларускіх грамадзянаў і грамадзянаў Расіі звязаныя з вайной Расіі супраць Украіны і з падтрымкай рэжыму Пуціна з боку рэжыму Лукашэнкі. 

Але з чэшскай абмежавальнай палітыкай я не згодная. Зразумела, што неабходна больш грунтоўна правяраць асобных людзей, але асабіста я не падтрымліваю гэты рэпрэсіўны падыход. Я не ўва ўсіх аспектах згодная з чэшскім урадам.


У Беларусі няма свабоды слова, але “рэжым цішыні” скончыцца

Няма сумневаў, што на сёння журналісцкая адукацыя ў Беларусі няякасная, і ўсё ж гэта адукацыя. У Чэхаславакіі афіцыйная журналістыка таксама існавала. На журналістаў вучыліся людзі, якія пасля лістапада 1989-га пачалі працаваць у СМІ і на хаду засвойвалі якасную і незалежную журналісцкую працу. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі