Чэхаславацкія лялькаводы: беларусаў катуюць па чужых метадычках

Гісторык Даніэль Повалны

Гісторык Даніэль Повалны / Еўрарадыё

— Цяжка сказаць, што павінна здарыцца, каб сітуацыя ў Беларусі радыкальна змянілася да лепшага, — кажа чэшскі гісторык, доктар філасофіі і супрацоўнік Інстытута вывучэння таталітарных рэжымаў Даніэль Повалны.

У размове з Еўрарадыё эксперт гартае цёмныя старонкі гісторыі Чэхаславакіі, згадваючы дзейнасць тайнай паліцыі — Службы дзяржаўнай бяспекі, або StB.

Таксама мы размаўляем пра тое, што адбываецца ў нашай краіне, праводзім паралелі паміж сучаснасцю і мінулым, параўноўваючы метады ціску на беларусаў і жыхароў колішняй Чэхаславакіі.

Спойлер: беларускі рэжым працуе па прыкладзе чэхаславацкіх лялькаводаў. Глядзіце відэа і чытайце скарочанную версію нашай размовы з гісторыкам.

Даведка: У свой час StB у Чэхаславакіі, як і яе “старэйшы савецкі брат” КДБ, займала ключавую ролю ў падтрымцы таталітарнага рэжыму, робячы рэпрэсіўныя захады супраць іншадумцаў — ад арганізацыі працэсаў над дысідэнтамі да вярбоўкі інфарматараў і сачэння за грамадзянамі. 

У лютым 1990 года StB была ліквідаваная, пакінуўшы пасля сябе спадчыну, якая дагэтуль выклікае шмат пытанняў і дыскусій.

— Якую ролю мела StB у задушэнні апазіцыйных рухаў, у тым ліку “Пражскай вясны” 1968 года?

— Можна сказаць, што адразу пасля “Пражскай вясны” роля дзяржбяспекі была не такой вялікай. Варта згадаць, што каля дзвюх трацінаў ці больш супрацоўнікаў StB былі ўцягнутыя ў працэсы “Пражскай вясны”, і многія з іх былі нязгодныя з савецкай акупацыяй ці з акупацыяй войскамі Варшаўскай дамовы. 

Таму з восені 68-га да вясны 69-га праходзіла першая фаза чыстак, бо StB у першую чаргу была вымушаная вырашаць праблемы ўнутры і толькі пасля гэтага магла засяродзіцца на пераследзе астатніх грамадзянаў, якія нейкім чынам ангажаваліся падчас “Пражскай вясны”. 

Тым не менш, пры задушэнні наступстваў “Пражскай вясны” пазіцыя StB была вельмі істотнай. Яна спрабавала высветліць, у каго якія погляды, і калі яны супярэчылі таму, што потым прасоўвалася ў рамках так званай “нармалізацыі”, такія грамадзяне адчувалі пэўныя наступствы — гэта закранала як грамадзянскіх асобаў, так і супрацоўнікаў дзяржбяспекі, паліцыі, войска ці іншых сілавых структур. 

Чысткі ладзіліся ва ўсіх частках грамадства. Людзей звальнялі, здымалі з кіроўных пасадаў. Нярэдка гэта былі дырэктары прамысловых прадпрыемстваў альбо іх намеснікі, якія праявілі сваю пазіцыю ў часы “Пражскай вясны” і за гэта пазбавіліся сваіх месцаў. 

Яны вымушаныя былі выконваць некваліфікаваную працу, а калі праз знаёмствы знаходзілі лепшае месца, неўзабаве быў тэлефонны званок ці візіт супрацоўніка StB у гэтую арганізацыю з мэтай паўплываць на кіраўніцтва, каб яно не прымала гэтых людзей на лепшую працу, а пакідала на горшай —  звычайна гэта была праца рукамі.

Чэхаславацкія лялькаводы: беларусаў катуюць па чужых метадычках
Пратэст у 1968 годзе каля народнага музея ў Празе / Jiří Všetečka

— Якія выпадкі-гісторыі найбольш яскрава ілюструюць тэхнікі шпіянажу і ўкаранення StB у жыццё грамадзянаў?

— Адзін з добра апісаных выпадкаў — гэта гісторыя з праслухоўкай Здэнека Млынаржа. Ён быў камуністам-рэфарматарам, які пасля “Пражскай вясны” быў выключаны з камуністычнай партыі і знаходзіўся пад сталым наглядам дзяржбяспекі.
Акрамя таго, што StB, вядома, чытала ягоную пошту і праслухоўвала тэлефон, яна ўсталявала ў ягонай кватэры ўнутранае праслухоўванне. Яно вялося з кватэры ягонай суседкі, якую дзеля гэтага падманам выправадзілі з кватэры (зразумела, што ў кватэры Млынаржа ў момант усталявання таксама нікога не было).

Была выкарыстаная аператыўная тэхніка, у гэтым выпадку так званая цэнтралізацыя. Гэта значыць, што праслухоўванне кватэры вялося праз тэлефонную лінію суседкі, і гэтай тэлефоннай лініяй яно злучалася з цэнтральным пунктам шостай управы аператыўнай тэхнікі, дзе і апрацоўвалася інфармацыя. 

Чэхаславацкія лялькаводы: беларусаў катуюць па чужых метадычках
Здэнек Млынарж / Dorian Hanuš/Právo
Чэхаславацкія лялькаводы: беларусаў катуюць па чужых метадычках
Пахаванне Яна Палаха, 1969 год / Přemysl Hnilička
Чэхаславацкія лялькаводы: беларусаў катуюць па чужых метадычках
Няспынныя рэпрэсіі ў Беларусі / t.me/racyja/

— Як вы думаеце, ці магло б нешта матываваць беларускую армію перайсці на бок дабра?

— Я не ведаю, як гэта прагучыць, — гэта было б цудам. Але я прытрымліваюся філасофіі, што цуды здараюцца. Таму магу спадзявацца, што цуд здарыцца і ў Беларусі і сітуацыя павернецца да лепшага.

— Ці можаце вы падзяліцца меркаваннем пра тое, як грамадства павінна памятаць і асэнсоўваць спадчыну спецслужбаў?

— Варта, можа быць, згадаць падзею, якая адбылася нядаўна ў Чэхіі. Гэта была міжнародная канферэнцыя на тэму непрымірэння з камуністычным рэжымам. “Непрымірэнне” было ў двукоссі. 

Гэта значыла як непрымірэнне, так і прымірэнне. На мой погляд, самым важным з таго, што прагучала, было тое, што старонка ніколі не будзе перагорнутая і неабходна працягваць вывучаць і пераасэнсоўваць тое, што здарылася ў мінулым. 

Гэта тычыцца не толькі выведкі ці сакрэтных службаў усходняга блоку. Гэта тычыцца мінулага як такога. Трэба зноў і зноў згадваць пра гэта, аб’ектыўна апісваць гісторыю, уключаць гэта ў падручнікі, вучыць дзяцей такім чынам, каб яны гэта помнілі. Весці іх да дэмакратыі і нагадваць сабе і астатнім пра тое, што адбывалася ў мінулым — як у форме мемарыяльных мерапрыемстваў з ускладаннем вянкоў, так і ў форме друкаваных ці электронных публікацый. 

Трэба распытваць відавочцаў тых падзеяў, пакуль яны жывыя і з улікам сваіх гадоў здольныя ўспомніць тое, што адбывалася ў мінулым, параўноўваць іх успаміны з пісьмовымі крыніцамі і рэгулярна знаёміць грамадскасць з гэтай інфармацыяй, уносіць яе ў грамадскую прастору. 

Тут цяжка рабіць што-кольвек іншае. А сёння да гэтага дадаецца няспынная барацьба з дэзынфармацыяй і дэзынтэрпрэтацыяй фактаў, якія, з аднаго боку, выглядаюць праўдападобна, але калі падумаць пра іх глыбей, высвятляецца, што гэта хлусня.   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі