“Сцвярджалі — хацеў сагнаць самалёт”. Гутарка з бібліятэкарам Іржы Грунтарадам
Іржы Грунтарад
— Сёння я карыстаюся інтэрнэтам гэтак жа, як раней выкарыстоўваў самвыдат, — кажа Еўрарадыё дысідэнт і гаспадар чэшскай бібліятэкі самвыдату і літаратуры ў выгнанні Libri Prohibiti Іржы Грунтарад.
Аднойчы наш суразмоўца трапіў у турму за тое, “што хацеў сагнаць самалёт”. Цяпер у архівах яго бібліятэкі — дзясяткі тысяч самвыдатных кніг і часопісаў з розных краін свету. Ёсць вялікая калекцыя ўлётак — як унутраных, так і эмігранцкіх. Ёсць плакаты, паштоўкі, усе магчымыя тыпы друкаванай прадукцыі. А таксама вялікая калекцыя аўдыёвізуальных носьбітаў, якая ўключае магнітафонныя стужкі, касеты, відэакасеты і сучасныя электронныя носьбіты.
— Мы сістэматычна збіраем усё, што звязана з чэхаславацкай апазіцыяй, дысідэнствам і эміграцыяй, — расказвае наш суразмоўца. — Толькі чэшскіх самвыдатаўскіх кніг у нас дваццаць адна тысяча. Нашая калекцыя чэшскай і славацкай перыёдыкі яшчэ 10 гадоў таму стала часткай праекту ЮНЭСКА, які называецца “Памяць свету”.
У інтэрв’ю Еўрарадыё спадар Грунтарад расказвае пра тое, як у яго атрымалася сабраць такую ўнікальную бібліятэку, дзеліцца сваімі дысідэнцкімі ўспамінамі, а таксама думкамі наконт сітуацыі ў Беларусі.
Ад “не быў піянерам” да першай перадрукаванай кнігі
— Я нарадзіўся ў 1952 годзе, у часы самага жорсткага перыяду камуністычнага рэжыму. У тым жа годзе асудзілі і пакаралі смерцю праз павешанне Рудольфа Сланскага. Тады я, натуральна, пра гэта не ведаў, але ў шасцідзясятых гадах я ўжо набраўся розуму, слухаў замежныя радыёстанцыі, якія вяшчалі па-чэшску: “Голас Амерыкі”, “Свабодную Еўропу”, “Бі-бі-сі” і некаторыя іншыя, таму я ведаў пра свет адносна шмат. А камуністычны рэжым вакол мяне па-ранейшаму існаваў і неяк развіваўся.
У 1968 годзе — мне тады было 16 гадоў — сюды прыехалі танкі, якія спынілі дэмакратызацыю. Гэтага, натуральна, можна было чакаць, мяне гэта не тое каб моцна здзівіла. Здзівіла мяне тое, як хутка чэшскае грамадства пачало супрацоўнічаць з акупантамі, калабараваць, прыстасоўвацца і нават атрымліваць выгоды. Гэтага не спыніла нават ахвяра Яна Палаха. Мяне гэта агаломшыла, і з таго часу я быў прынцыпова супраць усяго, што рабіў гэты рэжым.
Для мяне самаспаленне Яна Палаха стала магутным імпульсам. Я думаў, што калі ён пайшоў на гэта, я магу рабіць тое, што магу я. Гэта значыла не звязвацца з рэжымам, не супрацоўнічаць, дыстанцыявацца ад яго ўсюды, дзе гэта магчыма. Такім чынам, я не быў піянерам, не ўвайшоў у прафсаюзную арганізацыю, я не хацеў вучыцца ў ВНУ, бо адукацыя ўключала марксізм-ленінізм. Я ад усяго гэтага адмовіўся і пайшоў працаваць дрывасекам.
Гэта быў пачатак, які прынёс пэўныя наступствы, бо я быў апантаным чытачом, а рэжым пасля 1969 года не дазваляў друкавацца сотням аўтараў, як пісьменнікам, так і журналістам. Яны не маглі выдаваць свае творы, сярод іх быў нават народны паэт Яраслаў Сейферт. Гэта было пакаранне за яго стаўленне да акупацыі і рэжыму. Гэтак каралі аўтараў, таму ў Чэхаславаччыне цэнзура не была патрэбнай, тут нічога не магло быць надрукаваным па-за цэнзурай, бо самі аўтары нічога такога б не напісалі і не выдалі. Гэта цалкам ізалявала іх ад магчымасці выдаць хоць бы казку. Мой шлях чытача натуральна вёў у напрамку, дзе я мог прачытаць нейкую нецэнзураваную кнігу.
Пра існаванне самвыдату я ведаў з замежных радыёстанцый, якія слухаў, але я ніколі не трымаў гэтыя выданні ў руках да таго дня, калі я, муляр, прыйшоў у адну кватэру, каб адрамантаваць штосьці, што там нарабілі сантэхнікі. У той кватэры паўсюль былі самвыдатаўскія выданні на папіроснай паперы. Там была “Хартыя-77”, дакументы Камітэту абароны ахвяраў несправядлівага пераследу і, натуральна, кнігі, пра якія я чуў па радыё і якія чыталі ў радыёперадачах.
Я бачыў там і зборнік згаданага народнага паэта Яраслава Сейферта, які называецца “Чумны слуп”. Я разгаварыўся з жыхарамі кватэры, бо мяне гэта вельмі зацікавіла. Яны сказалі: “Можаце ўзяць пачытаць што заўгодна, без праблем. Прачытаеце і вернеце”. З іх рук я атрымаў сваю першую самвыдатаўскую кнігу.
Я падумаў, што гэта абавязкова зацікавіць і іншых маіх сяброў. Таму я двума пальцамі перадрукаваў гэтыя вершы на сваёй старой друкарцы. Яны кароткія, дык працы было няшмат. Так я стварыў сваю першую самвыдатаўскую кнігу.
З часам я зразумеў, што гэта не найлепшы шлях, бо мае два пальцы недастаткова эфектыўныя, таму я шукаў машыністак. Я знайшоў некалькіх, якія прафесійна перадрукоўвалі тэксты. Я знайшоў пераплётчыка, які пасля зрабіў з гэтых папер кнігі. Так узнікла самвыдатаўская серыя.
Ад самвыдату да турмы
— У снежні 1976 года ўзнік дакумент “Хартыя-77”, які заклікаў урад: вы прынялі нейкія законы, прытрымлівайцеся іх. Вы іх парушаеце ў гэтым, гэтым, гэтым і гэтым, а мы хочам вам дапамагчы перастаць іх парушаць. Мы будзем вас інфармаваць пра гэтыя выпадкі і патрабаваць выпраўлення. Аднак дакумент у такой фармулёўцы, вельмі прыстойнай і канкрэтнай, выклікаў у рэжыма вялізнае непрыняцце, яго ніколі не апублікавалі і да падзення камунізму “Хартыя” перадавалася толькі ў копіях, яна ніколі не пайшла ў друк.
Першых двухсот сарака падпісантаў “Хартыі-77” пачалі пераследаваць, звальнялі, забіралі ў іх тэлефоны, правы кіроўцаў, іх дзеці не маглі атрымліваць адукацыю (хоць яны і раней не маглі). Былі выпадкі, што іх выключалі з універсітэтаў, калі яны ўжо вучыліся. Гэта, натуральна, выклікала далейшую рэакцыю незадаволеных грамадзянаў, таму ўжо ў сакавіку 1977 года “Хартыю” падпісала больш за 600 чалавек, і колькасць подпісаў расла.
Праз нейкі час я даведаўся, што гэта было звязанае з пераследам Камітэта абароны ахвяраў несправядлівага пераследу, і ім былі патрэбныя нейкія аргументы супраць сяброў гэтага Камітэту. Аргументам мелася быць тое, што яны абаранялі згоншчыкаў самалётаў.
На гэтым этапе ў іх нічога не выйшла, бо, па-першае, у іх не было зброі, а па-другое, не было ніякіх рэальных сведкаў, якія маглі б сведчыць супраць мяне. Таму яны знайшлі нейкага судзімага рэцыдывіста, які сказаў, што я купіў у кагосьці зброю, але гэта, натуральна, быў вельмі слабы доказ. Тым не менш, мяне асудзілі на тры месяцы турмы, бо гэта было максімальнае пакаранне за валоданне агнястрэльнай зброяй. Хоць так яны паказалі мне, што трэба баяцца.
Так, гэта было папярэджанне.
А потым, у 1980 годзе, за тыдзень да Калядаў, у снежні, сітуацыя была сапраўды сур’ёзнай. Яны прыйшлі зноў зранку, адчынілі дзверы ўласнымі ключамі. У іх былі копіі маіх ключоў. І сказалі: вы пойдзеце з намі. Зноў зрабілі ператрус, зноў канфіскавалі самвыдатаўскія кнігі, у мяне дома іх было некалькі. Калі я сыходзіў, дык сказаў маме: не бойся, я вярнуся праз чатыры дні. Яны пратрымалі мяне два саракавасьмігадзінныя тэрміны, на якія можна было затрымаць чалавека без паведамлення прычыны. Але вярнуўся я не праз чатыры дні, а праз чатыры гады.
Турэмныя ўмовы нагадвалі канцлагер
— У турме ў мяне было шмат часу на роздумы, але не настолькі шмат. Вядома, я мусіў працаваць. Там была абавязковая праца, і яна была вельмі цяжкая, фізічна цяжкая. Турэмныя ўмовы, бадай, нагадвалі канцлагер. Таму было нялёгка. Тым не менш, я вернік, таму я не адчуваў ніякай нянавісці. Наадварот, я думаў, што яны робяць сваю працу, яны — інструмент зла, а я там знаходжуся таму, што мушу там быць. Гэта не іх выбар. Яны, можа, аддалі б перавагу каму-небудзь іншаму, больш паслухмянаму. Я адмаўляўся ад любой супрацы з імі, таму падчас майго тэрміну ўзнікалі новыя і новыя канфлікты. Мне нават прысудзілі яшчэ адно пакаранне, якое праз 4 гады скасавалі.
Мне пагражала яшчэ 14 месяцаў турмы, таму што мяне збілі наглядчыкі, а я іх “ілжыва” абвінаваціў у тым, што яны мяне збілі. Апеляцыйны суд скасаваў гэтыя дадатковыя 14 месяцаў — вядома, пад ціскам міжнароднай грамадскасці, бо гэтая інфармацыя ўмомант стала вядомай у свеце. Абурылася Amnesty International і іншыя міжнародныя арганізацыі, якія займаліся абаронай правоў чалавека. Гэта іх заслуга, што апеляцыйны суд скасаваў мой “смешны” прысуд.
“Чэхі ведаюць пра Беларусь вельмі мала”
— Я, вядома, сачу за беларускай сітуацыяй, але ў мяне ёсць тая выгода, што я сябар Amnesty International. Я атрымліваю навіны і тэрміновыя заклікі, калі хтосьці трапляе ў турму. Таму, недзе з 2008 года, я атрымліваю такую інфармацыю. На жаль, выключна ад Аmnesty InternationaІ.
Было б добра, калі б беларуская сітуацыя тут атрымлівала значна больш увагі. Чэхі ведаюць пра Беларусь вельмі мала. Лічаць, што гэта проста нейкі рускі прыдатак. Магчыма, некаторыя хаця б ведаюць, хто такі Лукашэнка і што Мінск — сталіца. І гэта, бадай, усё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.