Грамадзянам Беларусі ў Літве забаранілі служыць у войску і быць у Саюзе стралкоў

Літоўскае войска

Літоўскае войска / Finansų ministerijos

Грамадзяне Беларусі, Расіі ды Кітая не змогуць служыць ва Узброеных сілах Літвы і быць у Саюзе стралкоў. Такія папраўкі ў законы ўхваліў Сейм Літвы 19 снежня, перадае LRT.

Згодна з новымі законамі, на прафесійную і абавязковую вайсковую службу, на службу ў добраахвотніцкіх сілах ды іншую добраахвотную непастаянную вайсковую службу не будуць прымацца людзі з грамадзянствам дзяржаў, якія ўяўляюць пагрозу бяспецы Літвы. Акурат Беларусь, Расія і Кітай прызнаныя ў Літве такімі дзяржавамі.

Калі чалавек, які праходзіць службу ва Узброеных сілах Літвы, атрымае грамадзянства такіх краін, яго звольняць. Таксама законы прадугледжваюць, што прафесійныя вайскоўцы не змогуць наведваць з неслужбовымі мэтамі краіны, якія ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы.

Ініцыятарам такіх зменаў у заканадаўства быў былы міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас.

Ва Узброеных сілах Літвы служыць каля 20 тысяч чалавек. У лістападзе там было 11 чалавек, у які акрамя літоўскага было грамадзянства Беларусі ці Расіі. Дзеючае заканадаўства не забараняла асобам з падвойным грамадзянствам служыць у войску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі