У 15-павярховым мінскім бізнес-цэнтры пустуюць УСЕ офісы — раней іх займаў EPAM

У 15-павярховым мінскім бізнес-цэнтры пустуюць УСЕ офісы — раней іх займаў EPAM

Кіраўніцтва мінскага бізнес-цэнтра “Красавік” шукае новых арандатараў для офісных памяшканняў. У 15-павярховым БЦ пустуюць абсалютна ўсе офісы — усяго вольныя 15 500 кв. м плошчаў.

Якарным арандатарам “Красавіка” быў беларускі IT-гігант EPAM Systems. Дакладней, кампанія арандавала ўвесь БЦ. Як даведалася Еўрарадыё, кампанія сапраўды пакідае “Красавік”, бо больш не мае патрэбы ў гэтых офісных плошчах.

— Арэнда заканчваецца, да лета ўсе выязджаем, — распавяла нам крыніца ў кампаніі.

У кампаніі EPAM змяніліся планы, таму яна вырашыла адмовіцца ад гэтага аб'екта. Праз шмат якія прычыны,пракаментаваў сітуацыю dev.by прадстаўнік групы кампаній “Твоя столица” — суінвестар праекта.

Пад “шмат якімі прычынамі” можа мецца на ўвазе, па-першае, тое, што шмат супрацоўнікаў EPAM Systems у звязку з пандэміяй COVID-19 пераведзеныя на працу з дому. А па-другое, рэлакацыя супрацоўнікаў. Не сакрэт, што шмат хто з беларускіх айцішнікаў у звязку з падзеямі, што адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў, задумаўся пра пераезд у іншую краіну. Таксама не сакрэт, што ў EPAM працуе зручная праграма рэлакацыі.

Бізнес-цэнтр размяшчаецца на скрыжаванні праспектаў Дзяржынскага і Жукава. "Красавік" збудаваў брытанскі інвестар Ergo Fin LTD, беларускія партнёры праекта — кампанія "Знешпрамаграінвест" і група кампаній "Твая сталіца". Бізнес-цэнтр увялі ў эксплуатацыю ў 2016 годзе. Прыкладны аб’ём інвестыцый у будаўніцтва — $20 млн.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі