У абменніках можна набыць фальшывыя долары

Кожны год у Беларусі 10-20 разоў у абменніках прадаюць фальшывыя купюры Некалькі дзён таму ў мінскія абменнікі “Беларусбанка” па вуліцах Кальварыйскай і Прытыцкага здалі адразу дзве стодоларавыя купюры. Прычым купюры прайшлі ўсе тэсты на сапраўднасць, і касір памяняла іх на беларускія. Тое, што долары фальшывыя, высветлілася толькі падчас здачы грошай у банк.

Сяргей Верашчак, намеснік генеральнага дырэктара “Беларусбанка” расказаў Еўрарадыё, што насамрэч гэты выпадак можна лічыць адзінкавым, не характэрным для нашай краіны:

“Гэта вельмі дробязны факт. Гэта адзінкавыя выпадкі, якія практычна не распаўсюджаныя ў Беларусі. Гэтая з’ява вельмі распаўсюджаная ў Расіі, дзе нашмат больш грошай у абарачэнні”.

Анатоль Драздоў, прэсавы сакратар Нацыянальнага банка Беларусі, расказаў Еўрарадыё, што на банкаўскім слэнгу фальшывыя банкноты называюцца “суперы”. У нашай краіне існуюць спецыяльныя прыборы для іх выяўлення, аднак далёка не ва ўсіх банках і абменніках:

“Долара-банкноты, вырабленыя фабрычным шляхам. Яны адрозніваюцца ад сапраўдных малой колькасцю адметных рысаў, якія можа знайсці толькі спецыяліст. Зараз існуе такая тэхніка, якая можа выявіць нават такія супер-падробкі. Проста не ўсе нашыя абменныя пункты маюць такія ў наяўнасці, таму і здараюцца такія казусы. Згодна з нашай статыстыкай, такіх супер-падробак выяўляюць няшмат, прыкладна 10-20 на год”.

Як патлумачылі Еўрарадыё у аддзеле ўнутранай бяспекі банка “Масква-Мінск”, у гэтай сітуацыі, калі грошы былі прынятыя ў абменніку, адказнасць за фальшывыя грошы нясе касір:

“Калі касір сумняваецца ў банкноце, то ён выклікае міліцыю, калі яшчэ кліент, які прынёс гэтую сотку, стаіць перад ім. Калі кліент ужо сыйшоў, а касір ужо потым высветліў, што купюра фальшывая, то касір у поўнай меры нясе адміністрацыйна-матэрыяльную адказнасць. Тады ён вымушаны гэтую сотку здаць на экспертызу, а сваю пакласці ў касу”.

Атрымліваецца, што можа здарыцца такая сітуацыя, калі нехта здаў фальшывыя грошы ў абменнік, касір не заўважыў і потым прадаў камусьці. Як сцвярджаюць банкаўскія работнікі, звычайны чалавек ніяк не застрахаваны ад гэтага:

Калі касір нешта не заўважыў – з раніцы ўзяў купюру, а ўвечары прадаў яе камусьці, то той чалавек, які яе набыў, фізічна не можа праверыць на сапраўднасць грошы. Таму што, па-першае, вы не маеце права нідзе разлічвацца валютай, гэта закон. Калі вы зойдзеце ў суседнюю касу і папросіце дзяўчыну праверыць вашу сотку долараў, то ў выпадку фальшыўкі дзяўчына выклікае міліцыю. Нават калі вы толькі што прыйшлі з “Беларусбанка” і там узялі грошы ў касіра. Гэта сведчыць аб тым, што фізічныя асобы ніяк не застрахаваныя ў нашай краіне”.

Банкаўскія работнікі раяць усім, хто вырашыў мець агульныя справы з валютай, абзавесціся пластыкавымі карткамі.

Фота — Curlylocks

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі