У БАА прапаноўваюць часткова аслабіць рэгуляванне цэн на аўтамабілі
Лідарам продажу новых аўто з'яўляецца кітайскі аўтамабіль беларускай зборкі
Легкавыя аўтамабілі ў Беларусі таннеюць ужо некалькі месяцаў запар, адзначаюць эксперты Беларускай асацыяцыі аўтамабілістаў са спасылкай на звесткі Белстата. Такі трэнд назіраецца з мая. А ў верасні дэфляцыя на рынку легкавых аўтамабіляў паскорылася і склала 2,24% за гэты год.
Зніжаюцца цэны і на новыя аўтамабілі. "Трэці квартал бягучага года прайшоў ва ўмовах узмацнення канкурэнтнай барацьбы аўтадылераў, што станоўча адбілася на рознічных цэнах для спажыўцоў", — адзначаюць у БАА. У сувязі з гэтым эксперты вырашылі звярнуцца ва ўрад з прапановай часткова аслабіць цэнавае рэгуляванне на аўтамабільным рынку. Гаворка ідзе пра лібералізацыю ў частцы бонусных выплат. Гранічныя надбаўкі пры фарміраванні цэн, якія ўстаноўленыя пастановай Саўміна, прапануецца захаваць.
У Беларусі сёлета адзначаецца рост продажу новых аўтамабіляў. Так, у гэтым ліпені былі прададзеныя 4763 машыны — гэта ў 2,5 разу больш, чым у ліпені 2023 года. Гэта рэкордны паказчык за апошнія тры гады. У верасні было прададзена крыху менш машын — 4320, але гэта таксама больш як удвая болей, чым у верасні 2023-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.