У Баранавічах фестываль фарбаў ColorFest сарваны па віне арганізатараў
Фестываль фарбаў ColorFest мусіў адбыцца ў Баранавічах 1 траўня а 12-й. Аднак гараджане, якія прыйшлі на свята, засталіся з нічым: свята фарбаў не было. Толькі праз дзве гадзіны стала вядома, што фэст перанесены на няпэўны час, піша intex-press.by.
Фестываль ColorFest быў прызначаны на 12-ю гадзіну 1 чэрвеня. Месцам правядзення арганізатары спярша называлі пляцоўку каля Лядовага палаца, потым перанеслі на стадыён "Лакаматыў". Паведамленне з месцам і датай стаяла ў сацсетках арганізатараў яшчэ раніцай 1 чэрвеня.
Цяпер арганізатары заяўляюць, што названая дата пачатку фестывалю была "папярэдняй". Пра гэта яны напісалі ў сацсетках. Новую дату фэсту абяцаюць назваць, калі ўзгодняць з мясцовымі ўладамі.
Адміністрацыя стадыёна "Лакаматыў" паведаміла журналістам, што арганізатары ColorFest праводзілі папярэднія перамовы, але ніякіх дамоваў не падпісвалі.