У Баранавічах уначы прарвала цеплатрасу — без ацяплення засталіся два дамы
Надзвычайнае здарэнне з прарывам цеплатрасы адбылося ў Баранавічах у ноч на 19 снежня. У 0.15 у МНС паступіла паведамленне, што на вуліцы Савецкай прарвала трубу. Праз дзесяць хвілінаў пасля гэтага сігналу работнікі камунальных службаў былі на месцы і знайшлі прарыў — вада выцякала праз асфальт.
Металічная труба дыяметрам 133 міліметра была пракладзеная на глыбіні 1,5 метра і знаходзілася ў абарончым бетонным жолабе. Раскопваць яе давялося адразу ж. Земляныя працы рабілі ўначы і скончылі іх каля пятай раніцы. Пашкоджаны ўчастак трубы быў заменены і падача цяпла аднавілася. Мяркуецца, што прычынай аварыі стала фізічная зношанасць трубы, якую з’ела карозія.
У выніку аварыі без ацяплення засталіся два дзевяціпавярховікі. На шчасце, на момант аварыі на вуліцы было цёпла (+7 градусаў), перадае прэс-служба МНС.
Фота з архіву