У Барысаве ўдвая вырасла колькасць хворых на COVID, занятыя ўсе рэспіратары

Слуцкая цэнтральная бальніца / slutsk-gorod.by​
Слуцкая цэнтральная бальніца / slutsk-gorod.by​

У Барысаве за месяц колькасць пацыентаў з COVID-19 вырасла амаль удвая, расказала намесніца галоўнага лекара Барысаўскай ЦРБ Алена Лыскавец у інтэрв'ю выданню "Адзінства".

"Калі 10 жніўня на тэрыторыі Барысава і раёна было зарэгістравана 455 хворых, то цяпер іх колькасць павялічылася ўдвая: паводле дадзеных на 14 верасня, быў 931 хворы", — адзначыла яна.

Больш за 250 чалавек шпіталізаваныя. Занятыя ўсе 110 кіслародных пунктаў. І калі раней хварэлі пажылыя, цяпер пераважна людзі сярэдняга ўзросту — да 60 гадоў.

"І інфекцыя працякае дастаткова цяжка: масіўныя пнеўманіі з вялікім адсоткам паразы лёгкіх, пацыенты часта, прычым маладыя, адпраўляюцца на ШВЛ або на нейкую падтрымку", — расказала лекар.

Павялічылася і колькасць дзяцей, у якіх выяўляюць COVID-19. Школьнікі пайшлі вучыцца і пачалі хварэць. Няцяжка, але гэтым разам з сімптомамі — ёсць боль у горле і кашаль.

Адчулі прыход чацвёртай хвалі каранавіруса і ў Слуцку. Захворвальнасць на COVID-19 у раёне павялічылася на 17%, расказала прадстаўнік мясцовага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Чаркас выданню "Кур'ер". У паліклініках з'явіліся чэргі, мясцовай ЦРБ давяшлося адкрыць ужо 4-е "кавіднае" аддзяленне. Слуцкія эпідэміёлагі ўжо высветлілі, што асноўны від каранавіруса, які цяпер "ходзіць" у раёне, — "дэльта".

У цэлым прыкметна выраслі і лічбы тых, хто захварэў па краіне. Гэта відаць нават з афіцыйных дадзеных Міністэрства аховы здароўя: штодня вірус пацвярджаюць прыкладна ў 2 тысяч чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі