У Беларусі байкерам давядзецца здаваць на правы катэгорыі А
Сёлета ў нашай краіне загінула байкераў на 40% больш, чым летась. А колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з іх удзелам вырасла на 22%.
Апошні трагічны выпадак адбыўся 10 верасня ў Мінску, калі загінулі два байкеры.
Праваахоўнікі лічаць, што адна з асноўных прычын аварыйнасці — адсутнасць у байкераў правоў катэгорыі А. Звычайна, яны маюць пасведчанне на кіраванне аўтамабілем і "ніякай практыкі, каб кіраваць магутнымі матацыкламі", кажа ў каментары "Комсомольской правде в Беларуси" супрацоўнік Генпракуратуры Уладзімір Крукоўскі. Цяпер жа прапануецца, каб усе матацыклісты ў абавязковым парадку атрымалі правы катэгорыі А пасля праходжання спецыяльнага ваджэння ў аўташколе.
Яшчэ адна прапанова — забараніць "гучныя" праезды матацыклаў. Мяркуецца, што за гэтае парушэнне будуць штрафаваць — ад 300 тысяч да 750 тысяч рублёў. Байкерам могуць забараніць праезд на адным коле, перавозку п'яных пасажыраў. А для таго, каб "адвесці душу", ім прапануюць спецыяльныя пляцоўкі.
Змены ў правіла дарожнага руху могуць прыняць ужо да канца 2014 года.
Фота — bymedia.net