У Беларусі каля 50 млн т разведанай нафты
Сёння падчас канферэнцыі “Рынак нафтапрадуктаў і газу Рэспублікі Беларусь: вытворчасць, трэйдзінг, розніца” генеральны дырэктара ВА “Беларуснафта” Сяргей Каморнікаў заявіў, што разведаных запасаў нафты ў нашай краіне каля 50 млн тон.
“Стратэгічны запас нафты мы захоўваем. Сёння ў нас на балансах з разведаных і вымаемых запасаў знаходзіцца каля 50 млн т”, — сказаў Каморнікаў. Паводле яго слоў, у цяперашні час нарошчваць здабычу нафты немэтазгодна. Цяпер яна падтрымліваецца на ўзроўні 1 млн 645 тыс т у год.
Сяргей Каморнікаў таксама сказаў, што цяпер “Беларуснафта” арыентуецца перш за ўсё на ўдзел у міжнародных праектах у Расіі, Эквадоры і Венесуэле.
“Пакуль асноўныя намаганні накіраваны на працу з гэтымі краінамі, паколькі ў бліжэйшы час няма планаў па значным нарошчванні аб’ёмаў здабычы нафты ў Беларусі”, — прыводзіць словы гендырэктара БЕЛТА.
Сёлета здабыча нафты вядзецца на 58 радовішчах (712 дзеючых свідравінаў).
Фота: govorim.by