Русы: Мы навучыліся ў зонах да 5 кюры вырошчваць чыстую ад радыяцыі прадукцыю
У Беларусі навучыліся ў зонах ад 1,5 да 5 кюры вырошчваць чыстую ад радыяцыі прадукцыю. Пра гэта ў інтэрв’ю тэлеканалу СТБ заявіў намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы. “У нас ёсць радыяцыйны запаведнік, — кажа Русы. — Для таго, каб засцерагчы, у нас даволі жорсткія, да крымінальнай адказнасці, патрабаванні атрымання чыстай прадукцыі. Не дай бог, радыёактыўнай”.
Віцэ-прэм’ер сцвярджае, што “кожнае поле, якое трэба будзе засеяць, яно правяраецца на наяўнасць радыенуклідаў”. І толькі пасля гэтага прымаецца рашэнне: чыстая прадукцыя ці не. “Калі, не дай бог, там ёсць найменшае нейкае адхіленне і наяўнасць, там ніхто нічога не будзе сеяць і не будзе атрымліваць”, — заявіў Міхаіл Русы.
Намеснік прэм’ера нагадаў, што дадатковая ахоўная зона Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка змяніла статус. Зрабіў гэта кіраўнік дзяржавы на просьбу Гомельскага аблвыканкама. Гэтая зона “кіраваная”, — запэўнівае Русы.