У Беларусі не дазволеная трансляцыя тэлеканала "Россия 24"
Нечаканы паварот атрымаў канфлікт паміж журналістам Глебам Лабадзенкам і дырэктарам запраўкі United Company пад Стоўбцамі.
Раней паведамлялася, што ў жніўні Лабадзенка на гэтай запраўцы пабачыў тэлеканал "Россия 24" і папрасіў пераключыць. Работнікі запраўкі адмовіліся, заявіўшы, што дырэктар запраўкі патрабуе трансляваць толькі гэты канал.
Лабадзенка напісаў у кнігу скаргаў, звярнуўся ў Міністэрства інфармацыі, Міністэрства сувязі, да галоўнага ідэолага Стаўбцоўскага райвыканкама, а таксама патэлефанаваў дырэктару запраўкі Віталю Кулаку.
Але выявілася, што паказваць "Россию 24" не дазволена не толькі на запраўцы, але і ўвогуле ў Беларусі. Такі адказ Лабадзенку дала намесніца начальніка ўпраўлення электронных СМІ, загадчыца сектара тэлебачання і радыёвяшчання Мінінфармацыі Надзея Бельская. Зварот Лабадзенкі яна перадала ў Міністэрства ўнутраных спраў.
Пра гэта журналіст распавёў у гутарцы з карэспандэнтам Еўрарадыё:
Глеб Лабадзенка: "Сёння я патэлефанаваў у Міністэрства інфармацыі. І мне патлумачылі гэтую сітуацыю. Распасюджваць СМІ ў нас могуць толькі тыя суб'екты, хто атрымаў дазвол ад Мінінфармацыі. Апроч дзевяці каналаў. І другі пункт. Любы замежны канал, які хоча распаўсюджвацца ў Беларусі, мусіць атрымаць дазвол ад Мінінфармацыі. Пакуль атрымалі дазвол 209 каналаў, і "России 24" там няма".
Яшчэ раней Глебу Лабадзенку прыйшоў адказ ад Стаўбцоўскага РАУС. Там паведамлялася, што на дырэктара запраўкі складзены пратакол па артыкуле 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях. Адзін з пунктаў артыкула — "незаконны распаўсюд СМІ ў Беларусі".
Цяпер матэрыялы перададзеныя ў суд.