У Беларусі правядуць антыалкагольны эксперымент
У асобных раёнах Беларусі плануюць абмежаваць продаж алкаголю. Пра гэта прадстаўнік Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) паведаміў на прэс-канферэнцыі 25 ліпеня.
Рашэнне прынятае ўжо на ўзроўні ўрада, дадаў першы намеснік міністра Артур Карповіч, паведамляе tut.by.
Чыноўнік паведаміў, што мэта эксперыменту — вывучыць, як гэта паўплывае на скарачэнне ўзроўню злачыннасці і зніжэнне крымінальнага становішча ў рэгіёне.
"Канкрэтных раёнаў я яшчэ не бачыў, але што схема прынятая да выканання, гэта так", — патлумачыў Карповіч.
Нагадаем, што за абмежаванне продажу алкаголю актыўна выступае Міністэрства ўнутраных спраў. Ведамства прапануе не прадаваць алкаголь з 23.00 да 9.00, а ў крамах з плошчай гандлёвай залы ад 1000 кв. м і больш — абсталяваць асобную залу для алкаголю. Таксама прапануецца павялічыць узрост куплі алкаголю з 18 гадоў да 21 года.