У Беларусі правядуць дэнамінацыю, будуць новыя рублі і з'явяцца капейкі (фота)

У Беларусі правядуць дэнамінацыю, будуць новыя рублі і з'явяцца капейкі (фота)

У Беларусі з 1 ліпеня 2016 года правядуць дэнамінацыю беларускага рубля. Адпаведны ўказ 4 лістапада падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Як інфармуе прэс-служба Нацыянальнага банка Беларусі, дэнамінацыя будзе праведзена шляхам замены банкнот узору 2000 года на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 "старых" рублёў да 1 "новага" рубля. Гэта значыць, што за 100 цяперашніх рублёў дадуць 1 капейку.

Раней Аляксандр Лукашэнка паведамляў, што новыя грошы надрукаваныя яшчэ шэсць гадоў таму і чакаюць свайго часу (гл. відэа).

Нацбанк паведамляе, што будуць сем наміналаў банкнот — 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў, восем наміналаў манет — 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі.

Адзначаецца, што кожная банкнота адпавядае адной з абласцей Беларусі і Мінску. На новых грошах будзе подпіс былога кіраўніка Нацбанка Пятра Пракаповіча (у час яго працы былі надрукаваныя грошы).

З 1 ліпеня 2016-га да 31 снежня 2016 года "старыя" і "новыя" грошы будуць знаходзіцца ў паралельным звароце. На працягу пяці гадоў банкноты ўзору 2000 году будуць абменьваць на банкноты ўзору 2009-га. Больш падрабязна пра гэта гл. тут.

Пасля дэнамінацыі, калі курс долара захаваецца на сённяшнім уроўні — адзін долар будзе каштаваць 1,75 рублі. А самая буйная купюра ў 500 рублёў будзе каштаваць 285 долараў. Зараз самая буйная банкнота 200 тысяч каштуе 11,5 долараў.

Фота: Нацбанк

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі