У Беларусі схаванае беспрацоўе прызнаюць “пагрозай звальнення”
У Беларусі плануюць пашырыць паняцце пагрозы звальнення. Такія нормы прадугледжаныя ў новай рэдакцыі закона “Аб занятасці насельніцтва”, якую нядаўна ўнеслі ў Палату прадстаўнікоў, паведаміла БЕЛТА намесніца старшыні сталай камісіі парламента па працы і сацыяльных пытаннях Зінаіда Мандроўская.
У праекце паправак у закон змешчаная норма, паводле якой асобамі пад пагрозай звальнення прызнаюць не толькі тых, хто трапляе пад скарачэнне, але і тых, хто заняты няпоўны дзень або знаходзіцца ў вымушаным адпачынку з прычыны прастою прадпрыемства. Мяркуецца, што працадаўцы павінны будуць папярэджваць органы па працы і занятасці за два месяцы, калі супрацоўнік знаходзіцца пад пагрозай звальнення. Таксама прадугледжваецца кампенсацыя для наймальніка, калі ён арганізуе перанавучанне гэтага чалавека для працы на іншай пасадзе.
Дэпутат адзначыла, што многія змены ў закон аб занятасці насельніцтва тычацца прывядзення гэтага дакумента ў адпаведнасць з дэкрэтам №3 “Аб перадухіленні сацыяльнага ўтрыманства”. Напрыклад, павышаецца адказнасць за невыкананне ўмоваў пошуку працы і праходжання навучання з боку беспрацоўных. У выпадку пропуску заняткаў беспрацоўны можа пазбавіцца права станавіцца на ўлік у цэнтры занятасці на цэлы год.
Фота з архіву