У Беларусі шукаюць новыя механізмы цэнавага рэгулявання
Шукаюць механізмы, якія дазволяць фармаваць справядлівыя цэны для пакупнікоў і адначасова не спустошаць гандаль / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
У Беларусі шукаюць альтэрнатыўныя механізмы цэнавага рэгулявання. Для гэтага стварылі асобную экспертную працоўную групу, піша БЕЛТА са спасылкай на намесніка міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Івана Вежнаўца.
Сёння група сабралася на першае пасяджэнне. Перад экспэртамі, са слоў Вежнаўца, стаіць дзве мэты. Першая — выпрацаваць альтэрнатыўныя спосабы цэнавага рэгулявання. Гэта спроба знайсці новыя механізмы, якія дазволяць фармаваць справядлівыя цэны для пакупнікоў і адначасова не спустошаць вытворцаў і гандаль. "Гэтыя механізмы павінны быць гнуткімі, каб бізнес і вытворцы маглі аператыўна рэагаваць на змяненне сітуацыі на ўнутраным і вонкавым рынках", — сказаў Вежнавец. Калі з'явіцца гэты новы механізм, ён не ўдакладніў. Кажа, "гэта вельмі складаная і спецыфічная задача".
Другая задача экспертнай групы — распрацаваць кропкавыя меры ва ўмовах цяперашняй сістэмы рэгулявання цэнаў. БЕЛТА адзначае, што ў экспертную групу ўвайшлі і вытворцы, і прадстаўнікі гандлю, і імпарцёры.
Нагадаем, мінулай восенню Аляксандр Лукашэнка загадаў чыноўнікам спыніць рост цэнаў. Урад прыняў шэраг пастаноў (рашэнні зацвярджаліся, затым карэктаваліся). У выніку з'явіўся спіс з некалькіх соцень відаў тавараў — харчавання, адзення і іншых. На іх для імпарцёраў і гандлю былі ўсталяваныя гранічныя надбаўкі. Павышэнне адпускных цэнаў з тых часоў трэба ўзгадняць з дзяржорганамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.