Лукашэнка адправіў Качанаву выпрацоўваць меры па рэгуляванні коштаў

Наталля Качанава атрымала важнае заданне ад Аляксандра Лукашэнкі / t.me/belaruskali
Наталля Качанава атрымала важнае заданне ад Аляксандра Лукашэнкі / t.me/belaruskali

Аляксандр Лукашэнка адправіў старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву выпрацоўваць меры па рэгуляванні коштаў. Яна ачоліла створаную працоўную групу, якая за дзесяць дзён павінна распрацаваць і прадаставіць ва ўрад адпаведныя прапановы (аб мерах па ўдасканаленні цэнавага рэгулявання, забяспечыць маніторынг коштаў і спажывецкага рынку, інфармаваць кантралюючыя і праваахоўныя органы аб выяўленых парушэннях).

Новыя абавязкі Качанавай прадугледжвае дырэктыва № 10 "Аб недапушчальнасці росту коштаў", якую падпісаў Лукашэнка. Падкрэсліваецца, што "дакумент прыняты ў мэтах неадкладнага і жорсткага рэагавання на сітуацыю, якая склалася на спажывецкім рынку". У групе Наталлі Качанавай таксама кіраўнікі Палаты прадстаўнікоў, Федэрацыі прафсаюзаў, Камітэта дзяржкантроля, Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Да 20 кастрычніка ўрад на падставе прапаноў мусіць зацвердзіць і ўвесці ў дзеянне сістэму рэгулявання коштаў.

У чацвер прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падпісаў пастанову аб увядзенні ў Беларусі мараторыя на павышэнне коштаў і тарыфаў на ўнутраным рынку. Урад аператыўна адрэагаваў на загад Аляксандра Лукашэнкі з 6 кастрычніка забараніць рост коштаў, які прагучаў на нарадзе.

МАРГ ужо завявіла аб "татальным кантролі коштаў", а Камітэт дзяржаўнага кантроля анансаваў "маштабныя праверкі коштаў у гандлёвых аб'ектах" і прыгразіў парушальнікам крымінальнымі справамі (пра іх згадваецца і ў дырэктыве).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі