У Беларусі ў 10 разоў павялічацца штрафы за карупцыйныя злачынствы (відэа)
Таксама з'явіцца "дасудовая дамова" і "крымінальна-прававая кампенсацыя".
4 лістапада дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падтрымалі павелічэнне мінімальных штрафаў за эканамічныя і карупцыйныя злачынствы. Яны ўзрастуць з 30 да 300 базавых велічынь (з 4,5 млн да 45 млн рублёў), інфармуе тэлеканал "Беларусь 1".
Тэлеканал АНТ дадае, што законапраект прадугледжвае павелічэнне штрафаў за карупцыйныя злачынствы да пяці тысяч базавых адзінак — гэта прыкладна 750 млн рублёў.
Сярод новаўвядзенняў — крымінальна-прававая кампенсацыя. У выпадку не цяжкага парушэння справа можа быць закрытая, але пры ўмове прызнання віны, кампенсацыі шкоды, а таксама выплаты дзяржаве вызначанай сумы. Гэтыя грошы паступяць у фонд для пацярпелых ад злачынстваў.
У крымінальным заканадаўстве Беларусі з'явіцца новы тэрмін — дасудовая дамова. За падобную ініцыятыву сёння ў першым чытанні прагаласавалі парламентарыі. Дасудовая дамова — гэта "пагадненне з правасуддзем": дапамога следству ў абмен на змякчэнне пакарання. Каб скараціць тэрмін, злачынцу давядзецца выканаць шэраг умоў: прызнаць віну, пакрыць шкоду, дапамагчы следству і распавесці не толькі пра свае злачынствы. Асобы, прысуджаныя да смяротнай кары, не могуць разлічваць на магчымасць дасудовай дамовы, адзначае тэлеканал "Беларусь 1".
Фота — Fotolia