У Беларусі за збыт наркотыкаў можа пагражаць да 25 гадоў турмы
Гэта прадугледжвае праект антынаркатычнага дэкрэта.
Праект антынаркатычнага дэкрэта прадугледжвае пакаранне за збыт наркотыкаў у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 25 гадоў. Пра гэта 12 снежня паведаміў старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Валянцін Сукала.
"Тыя рашэнні, якія былі прынятыя на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, цяпер рэалізуюцца на практыцы. Ужо падрыхтаваны ў канчатковым варыянце праект дэкрэта, у якім у прынцыпе ёсць усё тое, пра што гаварылася на нарадзе", — цытуе словы Сукалы БЕЛТА.
Старшыня Вярхоўнага суда звярнуў увагу на тое, што прадугледжваецца ўзмацненне адказнасці за распаўсюд наркотыкаў. Максімальнае пакаранне для іх — 25 гадоў зняволення. Спажыўцоў наркотыкаў чакае новаўвядзенне — спецыяльныя прафілакторыі з узмоцненым рэжымам.
Як чакаецца, Аляксандр Лукашэнка падпіша дэкрэт да канца 2014 года.
Нагадаем, нядаўна старшыня Белтэлерадыёкампаніі, кіраўнік грамадскага савета пры МУС Беларусі Генадзь Давыдзька прапаноўваў для распаўсюднікаў спайсу ўвесці смяротнае пакаранне.
Фота — Fotolia