У Беларусі збіраюцца ўзмацніць адказнасць за праявы экстрэмізму
У Беларусі збіраюцца ўзмацніць адказнасць за праявы экстрэмізму. Пра гэта 4 студзеня па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў генпракурор Андрэй Швед. Ён нагадаў, што гэта адно з даручэнняў Лукашэнкі ад верасня мінулага года.
"Генеральная пракуратура падрыхтавала блок прапаноў, звязаных з узмацненнем адказнасці за экстрэмізм і парушэнне грамадскага парадку", — сказаў журналістам Швед. Ён адзначыў, што, у адпаведнасці з даручэннем Аляксандра Лукашэнкі, адпаведная прапанова мусіць быць унесена ўжо сёлета.
Па словах генпракурора, папраўкі будуць датычыць не толькі ўзмацнення адказнасці за экстрэмізм, але і "ўсяго блоку заканадаўства, які... будзе забяспечваць стабільнасць і грамадскую бяспеку". Можна ўжо цяпер прагназаваць, што новаўвядзенне будзе разглядацца, як узмацненне ціску на пратэстоўцаў. Вось і Андрэй Швед заявіў пра ўзмацненне ў тым ліку і крымінальнай адказнасці "за праявы экстрэмізму і здзяйсненне злачынстваў, звязаных з экстрэмізмам".
У заканадаўстве будуць канкрэтызаваныя "крытэрыі, па якіх тыя ці іншыя дзеянні асоб будуць мець прыкметы экстрэмізму". Застаецца дачакацца агучвання гэтых самых крытэрыяў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.