У Беларусі знайшлі рэдкую 20-рублёвую купюру, на якой сцёртая траціна малюнка
У вясковай краме ў Дрыбінскім раёне знайшлі 20-рублёвую купюру з дэфектам: на ёй сцёртая траціна малюнка і адсутнічае тэкст, які ёсць на звычайных беларускіх грошах. Спачатку банкноту палічылі падробленай. Але ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз яе праверылі і высветлілі, што яна сапраўдная!
"Калі работнік філіяла ААТ "Беларусбанк" прымаў выручку, якую прынесла прадавец адной з сельскіх крамаў Дрыбінскага раёна, была знойдзеная "падазроная" купюра, — распавядае дзяржаўны судовы эксперт упраўлення крыміналістычных экспертыз і улікаў Крысціна Давыдзенка. — Падчас даследавання было высветлена, што ўсе прыкметы, характэрныя для абароны грашовых знакаў дадзенай вартасці, прысутнічаюць на купюры, што дазволіла зрабіць выснову аб яе сапраўднасці. А прыкметы, якія выклікалі сумнеў, тлумачацца хутчэй за ўсё вытворчы брак".
На форумах баністаў такую купюру палічылі б сапраўднай рэдкасцю і прадалі б у шмат разоў даражэй за намінальную вартасць. Такія выпадкі ўжо здараліся з новымі беларускімі грашыма. Напрыклад, з бракаванай банкнотай у 10 рублёў узору 2009 года.
Але гэтая банкнота ў 20 рублёў ужо трапіла ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, і наўрад ці трапіць на інтэрнэт-аўкцыёны.