У Берліне бяздомным прапануюць адукацыю і працу турыстычным гідам
Такім чынам улады нямецкай сталіцы дапамагаюць людзям без жылля інтэгравацца ў грамадства.
Вучоба ва ўніверсітэце для бяздомнага — гэта нешта немагчымае. Але нядаўна “Бяздомны ўніверсітэт Берліна” распачаў адукацыйныя праграмы для тых, хто жыве на вуліцы.
“Універсітэт — гэта новы адукацыйны праект, які пачаўся ў сталіцы Германіі з мэтай даць бяздомным людзям больш сацыяльнага жыцця, хаця тыя, хто маюць сталае месца жыхарства, таксама могуць падключыцца”, — піша The Local. І распавядае пра бяздомнага з 10-гадовым стажам Клаўса Зайльвіндэра, які ў аўдыторыі з ахвотай разважае на філасофскія тэмы. У мінулым вайсковец, ён, акрамя філасофіі, наведвае тэатральныя і кулінарныя майстар-класы і непасрэдна курс аб тым, як пакінуць вуліцу.
Майк Эметэнбрынк, які ініцыяваў праект падобна існуючаму ў Аўстрыі, кажа, што з’яўленне ўніверсітэта было добра прынята. Паводле яго слоў, многія проста даюць бяздомным пару еўра і сыходзяць, у той час як апошнія хацелі б чамусьці навучыцца.
Улетку, дарэчы, у Берліне была запушчана яшчэ адна цікавая ініцыятыва, звязаная з бяздомнымі. Ім прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі гідаў. Каб яны паказалі турыстам горад “вачыма бамжоў”, а самі узнавілі згублены кантакт з асноўным грамадствам. Летам гідам выступаў Карстэн Вос, калісьці бяздомны, які цяпер вярнуўся да нармальнага жыцця.
“У якасці славутасцяў ён (Карстэн Вос) паказвае паркавыя лаўкі, аўтаматы, што прымаюць бутэлькі, і харчовыя крамы, якія працуюць 24 гадзіны”, — піша Deutsche Welle. Калі ўлетку з’явіліся “бяздомныя туры” і СМІ пачалі актыўна пра іх пісаць, Карстэн Вос быў адзіным экскурсаводам, але ўжо тады ішла праца па вербаванні новых гідаў.
Сам Вос раіць ніколі не выкідваць бутэлькі, а ставіць побач са смеццевымі бакамі — каб бяздомным было прасцей. А таксама не здаваць старое адзенне ў кантэйнеры сэканд-хэнд, а аддаваць яго на дабрачыннасць. Ну, і не пазбягаць элементарнага зрокавага кантакту.
Карстэн Вос: “Проста гледзячы на мяне, людзі былі ў стане дапамагчы. Прыемна адчуваць, што людзі бачаць вас і не адштурхоўваюць. Гэта старамодны выраз, але ён вельмі добра падыходзіць”.
Згодна з некаторымі ацэнкамі, Берлін налічвае каля 10 тысяч бяздомных, 4 тысячы з іх жывуць непасрэдна на вуліцы.
Фота: chngyaohong.com