У Брэсце адкрылася выстава “Мясцовая асаблівасць” (фота)
У Брэсце адкрылася выстава “Мясцовая асаблівасць”. Яе аўтар — Сямён Маталянец, мастак, які нарадзіўся і вырас у Брэсце, але з’ехаў у Санкт-Пецярбург, дзе працягнуў мастацкую адукацыю і кар’еру.
У родным горадзе мастак адсутнічаў амаль 12 год. Па вяртанні дамоў і ўзнікла ідэя стварыць выставу пра Брэст. Праз постканцэптуальнае мастацтва Сямён Маталянец вырашыў падзяліцца сваімі ўражаннямі ад Брэста, які ён па-новаму адкрыў для сябе.
У каментары Еўрарадыё ён прызнаецца, што выстава стваралася адмыслова пад брэсцкую публіку. Пазней, магчыма, яна будзе прэзентавана і ў Мінску, але паказваць “Мясцовую асаблівасць” па-за межамі Беларусі мастак не бачыць сэнсу.
Маталянец: “У кожным рэгіёне свая аудыторыя, з якой працуе мастак. Для мяне было важна стварыць творы, якія былі б звязаны з Брэстам. Для людзей, якія пабачаць гэтыя працы ў Пецярбургу, гэта наўрадці будуць нейкія блізкія мясціны, бо яны іх не ведаюць. Дыскусія, якую я спрабую распачаць сваімі працамі, будзе зразумелай хутчэй за ўсё толькі мясцоваму гледачу. Але паколькі я не ведаю мясцовага гледача, то для мяне гэта пэўная выведка, выведка боем”.
На прэзентацыі мастак не стаў тлумачыць прысутным сэнсу сваіх твораў. Па словах аўтара, яго карціны, які суправаджаюцца подпісамі і нават лозунгамі, самі ўсё кажуць за сябе.
Выстава праходзіць у галерэі “Прастора КХ”. Пабачыць яе можна да 15 чэрвеня.