У Брэсце пачаўся суд за падлог у экалагічных дакументах па акумулятарным заводзе

У Брэсце пачаўся суд за падлог у экалагічных дакументах па акумулятарным заводзе

14 лютага ў судзе Брэста пачаўся разгляд крымінальнай справы Юліі Якаўчык. Яе вінавацяць у службовым падлогу, паведамляе TUT.by.

Якаўчык раней займала кіруючую пасаду ў Брэсцкай абласной лабараторыі аналітычнага кантролю ДУ "Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне навакольнага асяроддзя". Паводле звестак следства, жанчыны двойчы ў розны час уносіла заведама ілжывыя звесткі і запісы ў дакументы, каб выглядала, што акумулятарны завод ТАА "АйПаўэр" выконвае экалагічнае заканадаўства.

За гэта ёй пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі. 

На суд прыйшло шмат мясцовых жыхароў і журналістаў — пытанне акумулятарнага завода для Брэста застаецца актуальным. А сама абвінавачаная на працэс не з'явілася. Як патлумачыла адвакатка: жанчына знаходзіцца ў шпіталі, таму папрасіла перанесці разгляд справы. Суд пагадзіўся адкласці працэс да выздараўлення Якаўчык. 

Брэстаўчане ўжо амаль два гады змагаюцца супраць будаўніцтва акумулятарнага завода "АйПаўэр" на ўскрайку горада. Прадпрыемства пабудаванае, але не прайшло экалагічную экспертызу. 

Урэшце 2 ліпеня 2019 года па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі Генпракуратура пачала праверку будаўніцтва завода. Кіраўніцтва кампаніі "АйПаўэр" было затрыманае за дачу хабару. Па гэтай жа справе, як паведамлялася, былі затрыманыя два чыноўнікі Мінпрыроды — за атрыманне хабару. 

Брэсцкі аблвыканкам запатрабаваў ад кампаніі "АйПаўэр" вярнуць грошы, вылучаныя ў якасці інвестыцыяў з дзяржаўнага фонду. Гэта тлумачылася тым, што кампанія не запусціла вытворчасць завода ў тэрміны, названыя ў дакументах. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі