У Брэсце праціўнікі АКБ віншавалі адзін аднаго з перамогай
У Брэсце праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода зноў сабраліся на традыцыйную нядзельную акцыю, якую называюць “кармленне галубоў”. Як піша “Брестская газета”, на плошчу Леніна сёння прыйшло каля 150 чалавек.
Людзі абмеркавалі бягучую сітуацыю і павіншавалі адзін аднаго з перамогай, бо праект кампаніі “Ай-Паўэр” ужо ў трэці раз не прайшоў экалагічную экспертызу і таму завод не могуць запусціць.
Амаль паўтара года ў цэнтры Брэста кожную нядзелю праходзяць сустрэчы актывістаў і неабыякавых людзей, якія змагаюцца супраць адкрыцця ля горада экалагічна небяспечнай вытворчасці.
Учора на сустрэчы з насельніцтвам кіраўніцтва горада праведаміла, што АКБ не прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу.
Брэсцкі аблвыканкам яшчэ месяц таму пастанавіў прыпыніць будаўніцтва завода, які быў ужо амаль гатовы да запуску. Генпракуратура цяпер праводзіць праверку акалічнасцяў, пры якіх былі выдадзеныя дазволы на рэалізацыю праекта “Ай-Паўэр”. Заведзеныя дзве крымінальныя справы паводле “карупцыйных” артыкулаў. Трое фігурантаў гэтых справаў затрыманыя.