У Брэсце за два гады толькі на адной вуліцы з'явілася роварная сцежка

На пашыраным пасяджэнні гарвыканкама ў лістападзе 2011, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі кампаніі "За вела-Брэст!" быў разгледжаны план будучых роварных артэрый горада, якія звяжуць усе мікрараёны горада з цэнтрам. Рэалізацыя першага этапу плана была запланаваная на 2015 год.

Па словах каардынатара кампаніі "За вела-Брэст!" Уладзіміра Красько, пакуль з гэтага плана выканана не шмат. Толькі на вуліцы Лейтэнанта Рабцава завершана добраўпарадкаванне адной роварнай сцежкі. А на шэрагу вуліц, такіх як Купалы, Машэнскага і Аўтамабілістаў, будуць створаныя так званыя роварныя палосы — тратуар, падзелены разметкай і для раварыстаў, і для пешаходаў. Расказвае каардынатар кампаніі "За вела-Брэст!" Уладзімір Красько:

"Мы як прадстаўнікі кампаніі вітаем з'яўленне велапалос, разглядаем гэта як першы крок да стварэння сапраўднай велаінфраструктуры. Але, вядома, гэта не вырашае ўсіх праблем, бо ўсё роўна велапаласа — гэта тое месца, дзе будуць сутыкацца разам пешаходы і раварысты."

Як адзначыў Уладзімір Красько, такі "падзел на людзей з роварам і без" можна разглядаць толькі як часовы варыянт, бо на адной дарозе, хоць і падзеленай фарбай, існуе небяспека для абодвух удзельнікаў руху.

"Спадзявацца на тое, што на працягу бліжэйшых гадоў велапаласа ператворыцца ў сапраўдную веладарожку, складана. Каб перарабіць іх, патрэбныя вялікія ўкладанні, на якія кіраўніцтва горада, наўрад ці, пойдзе і зноў спашлецца на фінансавыя праблемы".

Велаактывіст мае надзею, што да даты канчатковай рэалізацыі генплана ў Брэсце ўсё ж такі з'явяцца паўнавартасныя роварныя сцежкі.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі