У Брэсце зноў прайшла акцыя праціўнікаў акумулятарнага завода

У Брэсце зноў прайшла акцыя праціўнікаў акумулятарнага завода

14:00. Акцыя скончылася. Затрыманых не было.

13:50. Шэсце дайшло да ЦУМа. Цяпер тут чалавек 200 і людзі паціху разыходзяцца.

13:30 Удзельнікаў шэсця ўжо каля 400 чалавек. Ля кінатэатра "Беларусь" людзі некалькі разоў выгукнулі: "Не заводу!". Міліцыя папярэдзіла іх пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

13:15 Людзі пайшлі шэсцем па вуліцы Пушкіна і Савецкай. Удзельнікаў не паболела, нікога не затрымліваюць. Няма ні лозунгаў, ні плакатаў.

12:45. Удзельнікаў акцыі каля 150 чалавек, ідзе збор подпісаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Супрацоўнікі міліцыі паназіралі за дзеяннямі пратэстоўцаў і пакуль сышлі. Затрыманняў няма.

У Брэсце зноў акцыя праціўнікаў акумулятарнага завода. Прыкладна ў 12:00 людзі пачалі збірацца на традыцыйнае нядзельнае “кармленне галубоў” на плошчы Леніна. Як перадае з месца падзеяў карэспандэнт Еўрарадыў, ля помніка сабралася каля 100 чалавек. Гэта не так шмат у параўнанні з мінулым тыднем, калі на несанкцыянаваны мітынг і шэсце выйшла некалькі сотняў чалавек.

Супрацоўнікі міліцыі праз гукаўзмацняльную тэхніку папярэджваюць прысутных аб недапушчальнасці парушэння закона аб масавых мерапрыемствах.

Непадалёк на плошчы адбываецца афіцыйнае спартовае свята з удзелам школьнікаў, прадстаўнікоў 25 школ горада.

Акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода адбываюцца па нядзелях ужо другі год. Жыхары Брэста перакананыя, што такое прадпрыемства значна пагоршыць экалагічную абстаноўку.

На мінулым тыдні напярэдадні акцыі адбыліся затрыманні актывістаў, якія звычайна бяруць удзел у пратэстах. Паводле праваабаронцаў, некалькі чалавек атрымалі позвы ў міліцыю на прафілактычную размову, прызначаную акурат на сёння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі