У цэнтры Салігорска пройдзе 14-дзённы open air
На кожным канцэрце будуць выступаць маладыя гурты і адзін хэдлайнер.
З 26 ліпеня ў Салігорску стартуе музычны фестываль “Новае Лета”, які будзе складацца з 14 бясплатных канцэртаў-салянак. Кожную пятніцу і суботу да 1 верасня ў цэнтры горада насупраць будынку “Беларуськалія” будуць выступаць па 3-4 маладыя гурты і адзін беларускі хэдлайнер.
“Робячы канцэрты ў горадзе, мы зразумелі, што большасць аўдыторыі да 18 гадоў і старэйшай за 25 не ведаюць, што такое жывыя канцэрты, асабліва клубнага фармату, — тлумачыць асноўныя ідэі фестывалю яго стваральнік Аляксандр Дзялянка. — Мы жадаем прывучыць людзей хадзіць на канцэрты, пазнаёміць іх менавіта з беларускімі гуртамі. Паказаць, што нашы гурты класныя, што на іх канцэрты трэба хадзіць. Ну і, як вынік, мы жадаем збіраць поўныя залы менавіта на беларускія гурты”.
Цяпер фестываль прымае заяўкі ад маладых гуртоў, на сёння такіх пададзена больш за 40. Прымацца анкеты для ўдзелу будуць да 1 жніўня, але гэты тэрмін можа і пасунуцца. Што тычыцца хэдлайнераў, перамовы вядуцца з The Toobes, “Крама”, Troica, “Рома ВПР” ды іншымі.
Канцэрты будуць пачынацца ў 16:00 і заканчвацца ў 22:00, а ў святочныя дні (Дзень Будаўніка ды Дзень Горада) — працягнуцца да 24:00. Усе выступы будуць запісвацца на аўдыа і відэа, і аддавацца гуртам.
Арганізатары запрашаюць на канцэрты ўсіх жадаючых. У 10 хвілінах ад пляцоўкі фэсту знаходзяцца лес і рака, дзе кожны жадаючы зможа паставіць намёт.