У Чачэрскім раёне здадзеную другасную сыравіну залічваюць у аплату "камуналкі"
У Чачэрскім раёне Гомельшчыны жыхары могуць знізіць свае выдаткі на аплату "камуналкі", здаўшы другасную сыравіну. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла інжынер па ахове навакольнага асяроддзя КЖУП "Чачэрскае" Ларыса Зірко.
Па яе словах, робіцца ўсё вельмі проста. Грамадзянін тэлефануе камунальнікам, і тыя прысылаюць аўтамабіль, які забірае макулатуру, шкло, пластык і г.д. Налічаная за гэта сума залічваецца грамадзяніну ў аплату камунальных паслуг.
Шырокага распаўсюду такая паслуга пакуль не атрымала. Але, кажа Зірко, такой задачы і не ставілася. Галоўнае для камунальнікаў — зрабіць горад і раён больш дагледжанымі і чыстымі.