У ДАІ адмовіліся каментаваць наезд буса на дэманстранта на Маршы смелых
На Маршы 15 лістапада мікрааўтобус збіў удзельніка пратэсту / скрыншот відэа
У ДАІ адмовіліся распавесці аб выніках праверкі, праведзенай па факце наезду характэрнага мікрааўтобуса на пешахода 15 лістапада — у Мінску тады праходзіў традыцыйны нядзельны Марш. У той дзень ён быў прысвечаны памяці Рамана Бандарэнкі і называўся Марш смелых.
ДТЗ адбылося на праспекце Пушкіна ў раёне 12.30. Паводле версіі ГУУС, "35-гадовы мінчук, знаходзячыся на праезнай частцы, не выконваў правілы дарожнага руху, тым самым падвяргаючы сябе і навакольных небяспецы". З-за гэтага, лічаць у міліцыі, і адбылося ДТЗ, праводзіцца праверка.
У сеціве тады таксама з'явілася відэа інцыдэнту. На кадрах відаць, як сілавікі цясняць з праезнай часткі пратэстоўцаў. Адзін з удзельнікаў пратэсту нешта кідае ў бок мікрааўтобуса, які стаяў, і ў наступны момант яго збівае іншы мікрааўтобус, які прыехаў на месца здарэння па сустрэчцы.
Партал TUT.BY накіраваў запыт у ДАІ з просьбай распавесці аб выніках праведзенай праверкі па факце ДТЗ. Аднак ніякай змястоўнай інфармацыі атрымаць так і не змог. У ДАІ адказалі, што "звесткі, якія змяшчаюцца ў справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, адносяцца да інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана".
Між тым, збіты тады пасля ДТЗ пешаход апынуўся ў лякарні, затым, праз некалькі дзён, на Акрэсціна і далей — у СІЗА Жодзіна. Яго завуць Сцяпан, ён працуе ў IT і ў цяперашні час з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы аб хуліганстве, распавядаюць яго родныя, за нібыта пашкоджаны мікрааўтобус сілавікоў. Яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.