У дзіцячых садках Беларусі дзень пачынаюць з выканання або праслухоўвання гімна
Беларускія дашкольнікі пачынаюць свой дзень у садках з дзяржаўнага гімна / pexels.com
У дзіцячых садках цяпер дзень пачынаецца з дзяржаўнага гімна, кажа першая намесніца старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Людміла Барысенка. Па яе словах, якія перадаюць "Мінск-навіны", падыходы да патрыятычнага выхавання перагледжаныя не толькі ў школах, але і ў садках.
"Выхаванцы сярэдніх і старэйшых груп пачынаюць свой дзень з выканання або праслухоўвання гімна Беларусі. Узняцце дзяржаўнага сцяга — неад'емная частка ўсіх мерапрыемстваў. Дзеці наведваюць музеі бліжэйшых школ. Увайшлі ў практыку і прагулкі да месцаў памяці і мемарыяльных дошак", — пералічыла чыноўніца пункты ідэалагічнай апрацоўкі дашкольнікаў.
9 сакавіка ў сталіцы прайшла выніковая калегія камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. У ёй прынялі ўдзел міністр адукацыі Андрэй Іванец, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран, а таксама кіраўнікі ўсіх навучальных устаноў сталіцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.