У Францыі абвешчана трохдзённая нацыянальная жалоба (абноўлена)

У Францыі абвешчана трохдзённая нацыянальная жалоба (абноўлена)

Колькасць ахвяраў серыі нападаў у Парыжы дасягнула 153 чалавек, з іх 112 загінулі ў канцэртнай зале "Батаклан", паведамляе CNN са спасылкай на французскія ўлады.

У Францыі абвешчана трохдзённая нацыянальная жалоба. Такое рашэнне прыняў прэзідэнт краіны Франсуа Аланд. Ён заявіў, што ў краіне па яго ўказу аб надзвычайным становішчы мабілізаваны паліцыя і армія.

13 лістапада ўвечары сама меней у шасці розных месцах французскай сталіцы былі здзейсненыя напады. Усё адбылося амаль у адзін і той жа час з розніцай у некалькі хвілінаў, што дазваляе казаць пра добра арганізаваны і скаардынаваны тэракт. Сярод пацярпелых ёсць замежныя турысты.

Адказнасць за гэтыя напады ўзяла на сябе групоўка ІДІЛ, якая назвала гэта “11 верасня для Францыі”. Пра гэта джыхадысты паведамілі на сваім сайце. Сведкі нападаў сцвярджаюць, што падчас нападу на канцэртную залу “Батаклан” тэрарысты стралялі па натоўпе і крычалі “Алах Акбар”. Таксама яны крычалі, што помсцяць за Сірыю, перадае Еўраньюс.

У канцэртнай зале праходзіў выступ рок-гурта Eagles of Death з ЗША, калі тэрарысты ўварваліся і захапілі закладнікаў. Частка гледачоў змагла збегчы. Многія змаглі даслаць СМС і паведаміць пра здарэнне ў сацыяльных сетках. Пацярпелыя заклікалі ўлады хутчэй распачаць штурм. Падчас аперацыі па вызваленні закладнікаў трое тэрарыстаў падарвалі сябе, што і прывяло да вялікай колькасці ахвяраў.

Выбухі прагрымелі ў пятніцу каля стадыёна “Стад дэ Франс”, дзе праходзіў таварыскі футбольны матч паміж зборнымі Францыі і Нямеччыны. За матчам назіраў прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, якога тэрмінова эвакуявалі. У выніку выбухаў тры чалавекі загінулі, сярод параненых — 10 чалавек у цяжкім стане.

Таксама ў розных кварталах Парыжа невядомыя адкрылі агонь па людзях з аўтаматаў. Загінула сама меней 2 чалавекі, 7 параненыя.  

У Францыі ўведзенае надзвычайнае становішча на ўсёй тэрыторыі краіны і закрытыя межы. У мэтах бяспекі мабілізавалі дадаткова 1500 вайскоўцаў.

У суботу адмененыя заняткі ва ўсіх навучальных установах Парыжа і прадмесцяў, таксама зачыняюцца музеі. Гарадскія ўлады заклікалі жыхароў сталіцы заставацца дома, а рэстараны і кавярні — узмацніць меры бяспекі і закрыць для наведнікаў тэрасы на вуліцы.

Фота: REUTERS, AP

У Францыі абвешчана трохдзённая нацыянальная жалоба (абноўлена)

Серыя тэрактаў у Парыжы. 120 чалавек загінулі (відэа)

"Гэта была бойня. Людзі крычалі, лямантавалі, і ўсё ляжалі на падлозе, і гэта доўжылася 10 хвілін, 10 хвілін, 10 жахлівых хвілін, калі ўсе ляжалі на падлозе, зачыняючы галовы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі