У Германіі могуць прайсці датэрміновыя парламенцкія выбары
Бундэстаг
У Германіі ў сакавіку наступнага года могуць прайсці датэрміновыя парламенцкія выбары. Напярэдадні стала вядома, што правячая кааліцыя развалілася (у яе ўваходзілі Сацыял-дэмакратычная партыя, Свабодная дэмакратычная партыя і "Саюз-90"/"зялёныя"). Канцлер Олаф Шольц аб'явіў, што вынесе пытанне аб даверы яго ўраду на галасаванне ў бундэстагу 15 студзеня 2025-га.
У партнёраў па кааліцыі былі разыходжанні па пытаннях эканамічнай, фінансавай і сацыяльнай палітыкі, з-за чаго яны не маглі ўзгадніць бюджэт Германіі на 2025 год. А ў сераду Шольц адправіў у адстаўку міністра фінансаў Крысціяна Лінднара, старшыню Свабоднай дэмакратычнай партыі. Апошні абвінаваціў канцлера ў развале правячай кааліцыі.
Нядаўна Лінднар прадставіў праграмны дакумент сваёй партыі па эканамічнай палітыцы (прапануецца зніжэнне падаткаў для кампаній, паслабленне кліматычных патрабаванняў і нормаў, скарачэнне субсідый і сацыяльных дапамог). Ён выклікаў новы віток спрэчак у кааліцыі. Сацыял-дэмакраты і "зялёныя" ініцыятыву рэзка крытыкавалі, піша dw.com.
У выпадку захавання цяперашняга ўрада ва ўладзе парламенцкія выбары павінны адбыцца толькі 28 верасня 2025 года. У гісторыі Германіі датэрміновыя выбары прызначаліся тройчы, папярэдні раз — у 2005 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.