У Гомелі пачаўся суд па справе аб забойстве сям'і з трох чалавек
У Гомелі ў абласным судзе пачаўся працэс па справе аб забойстве сям'і з трох чалавек. Год таму Валянціну і Уладзіміра Анкоўскіх, а таксама іх старэйшага сына Мікалая зарэзалі ў Жлобіне і спалілі ў лесе ў старэнькіх “Жыгулях”. У жорсткім забойстве абвінавачваюцца малодшы сын і жонка старэйшага.
Еўрарадыё распавядала пра гэтую гучную справу, спрабавала знайсці адказ на пытанне "Што магло прывесці да такога зверства?". Гл. рэпартаж Яўгена Валошына "За што выразалі сям’ю у дэпрэсіўным раёне Жлобіна (фота, відэа)".
Следчыя прыйшлі да высновы, што да бяды ў цыганскай сям'і прывёў любоўны трыкутнік. Жонка старэйшага брата Рубіна мела таемныя адносіны з малодшым — Аляксандрам. У сям'і пра гэта даведаліся і ў такой сітуацыі "закаханыя” маглі спланаваць забойства. Судовае паседжанне будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
Дарэчы, у Аляксандра засталіся трое малых дзяцей, у Рубіны — двое (імі апякуецца яе маці).
Фота: БелаПАН