У Гомелі судзяць мужчыну, які нападпітку парэзаў твар пасажырцы аўтобуса
Суд Навабеліцкага раёна Гомеля пачаў разгляд справы ў дачыненні мужчыны, які будучы нападпітку збіў пасажырку прыгараднага аўтобуса і парэзаў ёй твар. Паводле матэрыялаў следства, 56-гадовы мужчына ў стане алкагольнага ап’янення чапляўся да 8-гадовага хлопчыка, бо той не саступіў яму месца. Маці школьніка заступілася за яго і зрабіла заўвагу надакучліваму пасажыру. Той спачатку ўдарыў жанчыну кулаком, а затым дастаў нож і парэзаў ёй твар.
Хуліган паспеў збегчы з месца здарэння, бо якраз у той момант кіроўца адчыніў дзверы на чарговым прыпынку. Аднак праз гадзіну яго затрымала міліцыя і ўзяла пад варту.
Мужчыну абвінавачваюць у пагрозе забойствам, прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання з хуліганскіх пабуджэнняў. Яму пагражае да 10 год пазбаўлення волі, паведамляе БЕЛТА.