У графіці "Мінск-Масква" уплялі калючы дрот (фота)
Прапагандысцкае графіці "Масква-Мінск" на вуліцы Магілёўская, 32 у Мінску ўпрыгожылі калючым дротам. Цяпер у букеце, які трымае хлопчык, і на вянку, што на галаве дзяўчынкі, з'явіліся прыгожыя, па-мастацку ўпісаныя шыпы. Фота "навінкі" апублікаваў у сацсетках праект Signal.
Па інфармацыі Еўрарадыё, "карэкцыя" насценнага жывапісу адбывалася ў першай палове дня ў нядзелю 23 кастрычніка. Вакол хадзілі людзі, але ніхто не звяртаў увагі на тое, што ля сцяны стаіць пад'ёмнік, на якім працуе чалавек у камбінезоне.
Праз праект Signal аўтар перадаў Еўрарадыё, што цяпер у графіці ёсць хоць нейкі сэнс:
"Выратаваць? Тое, што мёртвае, памерці не можа. Але сэнсу дадаць атрымалася".
Нагадаем, графіці, прысвечанае сяброўству Мінска і Масквы, з'явілася ў сталіцы на пачатку лета. Яго мастацкі складнік і ідэя выклікалі шэраг абурэнняў сярод мінчукоў.