У Гродне п'яны кіроўца збіў п'яную пешую кампанію (фота)
Здарэнне з п'яным кіроўцам і п'янымі пешаходамі адбылося ў Гродне ўвечары 13 красавіка. Як паведамляе ДАІ Гродна, 47-гадовы мужчына з сябрам прыехаў у Гродна на "Аўдзі". На стаянцы яны купілі пляшку гарэлкі і выпілі ў аўтамабілі. Потым адзін з іх узгадаў, што ў Гродне жыве яго сваяк і вызваніў яго.
Мужчыны працягвалі выпіваць утраіх. А калі алкаголь скончыўся, кіроўца павёз сваяка дадому на бульвар Ленінскага камсамола на сваім аўто.
На скрыжаванні вуліц Давыда Гарадзенскага і Замкавай кіроўца наехаў на пешаходаў. Афіцыйны сайт ДАІ паведамляе, што пад колы аўто трапіў адзін чалавек. Аднак у гутарцы з onliner.by супрацоўнікі ДАІ паведамілі, што аўтамабіль наехаў на кампанію з трох нецвярозых чалавек. Два мужчыны і жанчына гулялі па набярэжнай і збіраліся сыходзіць. Калі яны пераходзілі вуліцу на зялёны сігнал светлафора, на іх наляцела аўто. "У выніку наезду адзін з мужчын атрымаў шматлікія пераломы, ён дастаўлены ў лякарню. Яшчэ аднаму пешаходу лекары аказалі дапамогу на месцы. Жанчыне медыцынская дапамога не спатрэбілася", — распавялі ў ДАІ.
Па словах інспектараў, пасля ДТЗ кіроўца "Аўдзі" так і не змог узгадаць, з якога боку ішоў пешаход, у які момант ён яго заўважыў ці ўвогуле не бачыў. Аштамабіль ён спыніў толькі пасля пачутага ўдару.
На кіроўцу пачалі крымінальную справу. Медагляд выявіў у яго 2,5 праміле алкаголю.