У Гродне ўрачыста адкрылі помнік князю Давыду Гарадзенскаму (фота)
1 чэрвеня ў Гродне ўрачыста адкрылі помнік князю Давыду Гарадзенскаму, інфармуе БЕЛТА.
Адкрыццё помніка было прымеркаване да XII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культураў, які праходзіць у Гродне 1 і 2 чэрвеня. У цырымоніі адкрыцця помніка ўдзельнічалі міністр культуры Юрый Бондар і намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Жаўняк.
"Гэта не проста яшчэ адно ўпрыгожванне горада — гэта даніна памяці выдатнаму земляку. Сімвалічна, што ўсталяваны помнік непадалёк ад гарадскіх замкаў, месцаў, дзе не раз прымаліся лёсавызначальныя для беларускай і еўрапейскай гісторыі рашэнні", — падкрэсліў на адкрыцці старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. Па яго словах, у гродзенскай гісторыі ёсць яшчэ каля паўтара дзясятка гістарычных асоб, вартых помнікаў. Іх скульптуры плануюць усталёўваць да значных дат і надалей.
Помнік слыннаму князю з суцэльнага кавалка граніту зрабіў мінскі скульптар Сяргей Аганаў. Замоўцам выступіла Гродзенская дыяцэзія БПЦ, усе выдаткі ўзяў на сябе мецэнат.
Помнік вышынёй каля 4 метраў усталяваны на скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага. Для надпісаў на пастаменце, дарэчы, спецыяльна распрацавалі шрыфт.
Давыд Гарадзенскі (каля 1283-1326) — кашталян гродзенскі, военачальнік і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Ён праславіўся як мужны абаронца Гродна. Паводле легенды, легендарны вой пахаваны каля муроў Каложскай царквы.