У Гродне "загарэлася" 33-метровая вежа (фота)
17 снежня тысячы рознакаляровых агнёў запаліліся на пажарнай каланчы для жыхароў Гродна. Навагоднюю акцыю па ператварэнні вежы ў "ёлку" правялі пажарныя разам з дзецьмі з дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў і спецыялізаваных устаноў абласнога цэнтра і Гродзенскага раёна.
Цырымонію запальвання агнёў на вежы адкрылі пад гукі аркестра МНС. Каб стварыць святочную атмасферу, пажарныя па-навагодняму ўпрыгожылі машыну і нават паклікалі Дзеда Мароза са Снягуркай. Разам з дзецьмі казачныя персанажы танцавалі, чалавек-вогнетушыцель загадваў загадкі.
Кульмінацыяй свята стала ператварэнне 33-метровай пажарнай вежы ў "ёлку". Тысячы агнёў запаліліся на ёй пад апладысменты ужо ў цемры.