У інтэрнэце збіраюць подпісы за перагляд вынікаў адбору на "Еўрабачанне"
Электронная петыцыя адрасаваная кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку. У ёй патрабуецца адмяніць галасаванне журы на адборачным конкурсе.
Петыцыя, напісаная з граматычнымі і стылістычнымі памылкамі, з'явілася 11 студзеня на сайце change.org. На думку аўтараў петыцыі, галасаванне журы выказвае толькі суб'ектыўнае меркаванне і ніяк не адлюстроўвае грамадскую думку жыхароў краіны.
"З года ў год журы выбірае не таго прадстаўніка, які б мог выйграць "Еўрабачанне" і на годным узроўні прадставіць нашу краіну на сусветным конкурсе", — заяўляюць аўтары петыцыі.
На 18 гадзін 11 студзеня яе падпісалі ўжо каля 300 чалавек.
Як паведамляла Еўрарадыё, 10 студзеня прайшоў нацыянальны адборачны конкурс на "Еўрабачанне". Па яго выніках нашу краіну ў Даніі прадставіць спявак Тэа з песняй "Cheesecake".
Ён набраў столькі ж галасоў, як і дуэт Макс Лорэнс & Дзідзюля. Перамогу Тэа вырашыла паўторнае галасаванне сябраў журы.