У Іўі пачалі судзіць жанчыну, якая паўгода катавала свайго паўтарагадовага сына

Фігурантка крымінальнай справы — жыхарка Іўеўскага раёна

Фігурантка крымінальнай справы — жыхарка Іўеўскага раёна / БЕЛТА

У Іўі ў Гродзенскай вобласці пачалі судзіць жанчыну, якая катавала свайго паўтарагадовага сына. Сваю віну яна не прызнае. Ёй пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі, паведамляе БЕЛТА.

Фігурантцы крымінальнай справы "аб катаванні і наўмысным прычыненні менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў у дачыненні да малалетняга" 43 гады, яна жыхарка Іўеўскага раёна. Паводле матэрыялаў следства, катаванні дзіцяці працягваліся ў сакавіку-верасні мінулага года. Маці фіксавала абутак сына шрубамі да падлогі і штодня прымушала яго стаяць у ім, збівала дзіця, пазбаўляла яго сну. Аднойчы ў стане алкагольнага ап'янення нанесла не менш за 16 удараў рукамі па розных частках галавы і цела.

У судзе жанчына заявіла, што сын нібыта не хацеў вучыцца хадзіць і тады яна скарысталася "парадай" з TikTok. Паводле яе слоў, сын "блытаў дзень з ноччу". Каб пакласці яго ў патрэбны час спаць, яна пялёнкай закручвала яму рукі, клала на яго падушку, каб зафіксаваць, на вочы нацягвала шапку. Калі ён адмаўляўся есці, яна таксама абкручвала яго пялёнкай.

13 верасня 2023-га хлопчык страціў прытомнасць, не дыхаў. Жанчына не адразу выклікала "хуткую", спачатку сама спрабавала аказаць яму дапамогу, хадзіла да суседзяў, тэлефанавала мужу. Дзіця шпіталізавалі, але выратаваць не змаглі. Спецыялісты канстатавалі ў яго гнойны лептаменінгіт і ацёк спіннога мозгу.

Вядома, што жанчына пазбаўленая бацькоўскіх правоў у дачыненні да семярых дзяцей. Яна была ў шлюбе, пасля жыла з сужыцелем, ад якога нарадзіла дваіх дзяцей, у тым ліку і хлопчыка, які памёр. Па словах абвінавачанай, яна была судзімая пяць разоў, усе судзімасці ўжо пагашаныя.

У аўторак дапыталі абвінавачаную пацярпелую і сведкаў. Разгляд справы працягнецца ў сераду.

У Іўі пачалі судзіць жанчыну, якая паўгода катавала свайго паўтарагадовага сына

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі