У Калінкавічах судзяць жанчыну за мурал у двары яе дома

Мурал у двары дома ў Калінкавічах / palesse.press
Мурал у двары дома ў Калінкавічах / palesse.press

У судзе Калінкавіцкага раёна пачалі разглядаць адміністрацыйную справу мясцовай жыхаркі Валянціны Яшчанкі. Яе абвінавачваюць у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства — пікету. Пікет убачылі ў мурале — вершніку на фоне белага і чырвонага колераў, які намаляваны на ўнутраным баку плота, распавядае "Палеская Вясна".

Дваровая тэрыторыя ў шматкватэрным доме, дзе жыве Валянціна Яшчанка, падзелена паміж суседзямі платамі. У яе частцы яшчэ 7 лістапада і з'явіўся мурал. Але, паколькі іншыя платы, якія падзяляюць падворак, невысокія, то мурал бачны з вуліцы, па якой ходзіць грамадскі транспарт. Гэта заўважыла і міліцыя.

У судзе зачыталі міліцэйскі пратакол, складзены ў канцы студзеня. Супрацоўнік міліцыі Сцяпанаў піша, што Валянціна Яшчанка нібыта правяла пікетаванне без дазволу Калінкавіцкага райвыканкама — "шляхам размяшчэння на жалезабетоннай агароджы дваровай тэрыторыі для дэманстрацыі грамадзянам у месцы, даступным для агляду, вершніка, які сімвалізуе герб "Пагоня" на фоне бел-чырвона-белага сцяга з нанесеным надпісам "Нас не стрымаць".

В Калинковичах судят женщину за мурал во дворе её дома
Мурал бачны з вуліцы / palesse.press

Пікантнасць сітуацыі ў тым, што "разбірацца" з муралам міліцыя прыходзіла яшчэ па гарачых слядах — у лістападзе. Ацаніць сітуацыю прыязджаў намеснік начальніка РАУС Дзмітрый Волек. Была нават прызначаная праверка. Але па яе выніках адміністрацыйны працэс прыпынілі. У дзеяннях жанчыны не ўбачылі прыкмет правапарушэння.

Валянціна Яшчанка распавяла ў судзе гэтую перадгісторыю, нават перадала дыск з відэазапісам лістападаўскага візіту да яе міліцыі, і нагадала, што двухмесячны тэрмін прыцягнення яе да адказнасці за гэтае правапарушэнне, калі яно і было, скончыўся яшчэ 9 студзеня.

Акрамя таго, жанчына перадала суду адказ з Мінбудархітэктуры, у якім гаворыцца, што яна не павінна ўзгадняць з дзяржорганамі размяшчэнне нейкіх малюнкаў унутры свайго падворка.

І наогул, перакананая Валянціна, у яе дзеянніх няма складу правапарушэння. Канстытуцыя гарантуе грамадзянам свабоду меркаванняў і іх выказвання.

В Калинковичах судят женщину за мурал во дворе её дома
Валянціна Яшчанка / palesse.press

Выслухаўшы довады жанчыны, суддзя Святлана Кугейка абвясціла ў судзе перапынак да 23 лютага, каб запатрабаваць з РАУС матэрыялы праверкі, якая адбывалася ў лістападзе, і атрымаць некаторыя іншыя дакументы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі