У кожнай чацвёртай праверанай краме завышаныя цэны — КДК
КДК выявіў завышэнне цэнаў у многіх крамах / з архіву minsknews.by
Завышаныя цэны выявілі работнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю ў кожнай чацвёртай краме, куды яны прыйшлі з праверкамі. Усяго ў студзені-сакавіку праверкі з КДК абышлі амаль 450 гандлёвых аб'ектаў.
"У кожным чацвёртым з іх выяўленыя парушэнні дысцыпліны цэнаў. У асноўным гэта перавышэнне гранічна дапушчальных гандлёвых надбавак, устаноўленых Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю", — гаворыцца ў прэс-рэлізе, апублікаваным на сайце ведамства па выніках маніторынгу.
Да прыкладу, у адной з крамаў Кармянскага раёна Гомельскай вобласці гандлёвыя надбаўкі былі завышаныя на 8 найменняў сацыяльна значных тавараў, а ў кафетэрыі віцебскай установы аховы здароўя — на 12 пазіцый.
У ходзе праверкі былі выяўленыя і іншыя парушэнні, у тым ліку санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. Больш за 30 чалавек прыцягнутыя да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці.
У КДК таксама нагадалі пра спецыяльныя групы, якія былі створаныя ў Мінску і рэгіёнах. Іх задача — адсочваць ўзровень цэнаў у крамах.
Нагадаем, па выніках мінулага года ў Беларусі быў зафіксаваны рэкордны за апошнія 4 гады ўзровень інфляцыі — 7,4% гадавых. Пасля Новага года — з адменай ільготы па ПДВ для шэрагу лекавых сродкаў — пачалі даражэць і медпрэпараты. Каб збіць рост цэн, урад па сутнасці "замарозіў" цэны шэрагу сацыяльна значных тавараў і лекаў. З сакавіка цэны на гэтыя тавары дазволена мяняць не больш чым на 0,2% у месяц.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.