У крамы Берліна выпадкова завезлі партыю какаіну
У некалькіх крамах буйной сеткі супермаркетаў паліцыя выявіла 140 кг какаіну, схаванага ў скрынях з бананамі.
Наркотыкі былі пастаўленыя ў пяць філіялаў сеткі супермаркетаў Aldi-Nord у нямецкай сталіцы. Па словах паліцыянтаў, кошт канфіскаванага какаіну складае 6 млн еўра (8,2 млн долараў).
Скрынкі з садавінай прыбылі морам з Калумбіі ў Гамбург. Адтуль іх развезлі па крамах грузавікамі, перадае ВВС. Рабочыя знайшлі пакеты з какаінам пры распакоўванні кардонных скрынак з садавіной.
Як заявіў прадстаўнік паліцыі, кантрабандысты, верагодна, памыліліся і пераблыталі скрыні. Гэта самая буйная канфіскацыя наркатычных рэчываў у паліцэйскай гісторыі Берліна за шмат гадоў.
Дарэчы, чатыры гады таму супрацоўнікі іспанскага філіяла іншай нямецкай сеткі супермаркетаў Lidl выявілі амаль 80 кг какаіну. Ён быў схаваны ў скрынках з бананамі, прывезеных з Эквадора.
Фота — АР