У красавіку на Віцебшчыне больш за 5000 чалавек перанеслі вірусныя пнеўманіі
За красавік у Віцебскай вобласці вірусныя пнеўманіі перанеслі больш за 5000 чалавек. Пра гэта ў інтэрв'ю vitbichi.by заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі.
Чыноўнік распавёў, што паправіліся 20% медработнікаў, якія захварэлі на каранавірус. Яны прыступілі да працы. Агульную колькасць медыкаў, якія заразіліся каранавірусам, чыноўнік не ўдакладніў.
Для рэабілітацыі людзей, якія перанеслі COVID-19, адведзены санаторый "Чыгуначнік" у на 219 ложкаў. Курс аднаўлення разлічаны на 10-12 дзён з упорам на дыхальную гімнастыку. А санаторый "Лётцы", які ў красавіку перапрафілявалі пад далечванне пнеўманій, цяпер вызвалены.
Пасля дэзінфекцыі і двухдзённай перадышкі з 8 траўня аднавіў прыём пацыентаў з рэспіраторнамі захворваннямі абласны спецыялізаваны цэнтр. Гарадская лякарня №1 таксама пакуль што працягне прымаць інфекцыйных хворых. А вось хірургічны корпус абласнога анкадыспансера з 18 траўня, пасля дэзінфекцыі, вернуць да профільнай працы.
Віцебск у красавіку стаў адным з самых буйных цэнтраў заражэння каранавіруснай інфекцыяй у Беларусі. Аднак Мінздароўя статыстыку захворвання па рэгіёнах паведамляе эпізадычна, таму ўявіць поўную карціну немагчыма.
Па стане на 12 траўня ў Беларусі зарэгістравана 24 873 выпадкі заражэння COVID-19, памерлі 142 пацыенты з каранавірусам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.