Па падазрэнні ў забойстве двухгадовага хлопчыка ў Лепелі затрымалі яго маці
У Лепелі праваахоўнікі знайшлі цела двухгадовага хлопчыка. Афіцыйная прадстаўніца УУС Віцебскага аблвыканкама Вольга Шкуратава пацвердзіла агенцтву БЕЛТА.
Жыхарка Лепеля ззвярнулася ў міліцыю 27 траўня каля 8:30. Яна распавяла, што гуляла ў парку з двухгадовым сынам, а потым ён знік. Пазней хлопчыка нібыта бачылі з мужчынам. Маці нават апісала прыкметы гэтага мужчыны.
Асабісты склад РАУС быў падняты па трывозе. Міліцыянты абследавалі парк і прылеглую тэрыторыю, апыталі магчымых відавочцаў інцыдэнту. Ратавальнікі шукалі дзіця ўздоўж берагавой лініі возера і ракі, а дно ракі абследавалі вадалазы.
Справа праяснілася, калі праваахоўнікі вывучылі запісы з відэакамераў. На іх быў зафіксаваны ранішні маршрут жанчыны і было бачна, што ішла яна без дзіцяці. Следча-аператыўная група знайшла цела хлопчыка ў гаспадарчай пабудове каля дома.
Праваахоўнікі высвятляюць прычыну смерці дзіцяці.
Прэс-служба Следчага камітэта ўдакладніла, што па падазрэнні ў забойстве дзіцяці затрыманыя 23-гадовая маці і яе сужыцель.